ДЗЕЙНАСЦЬ КАТАЛІЦКАЙ ДАБРАЧЫННАЙ АРГАНІЗАЦЫІ «КАРЫТАС» У БЕЛАРУСІ Ў 1991 - 2001 гг.

Дабрачынная дзейнасць каталіцкай арганізацыі «Карытас» у Беларусі ў 1991-2001 гг. не вывучана, бо яна пачала тут дзейнічаць нядаўна. Асноўная крыніца для даследавання праблемы - перыёдыка.

На дапамогу дзяржаве і грамадскім арганізацыям у справе дабрачыннасці прыходзяць рэлігійныя інстытуты. Каталіцкі Касцёл, кіруючыся вучэннем Хрыста, імкнецца дапамагчы кожнаму, незалежна ад яго нацыянальнасці, расы і веравызнання.

Рух «Карытас» узнік у Германіі ў 1867 г. як аб'яднанне католікоў, якое дзейнічала на карысць узаемадапамогі і ўзаемнай духоўнай падтрымкі. З таго часу «Карытас» працуе пад кіраўніцтвам Касцёла як аўтаномная арганізацыя [11, с. 7]. Грэчаскае слова «карытас» можна перакласці як «міласэрнае каханне» - каханне бескарыснае, якое не прызнае межаў, умоў і градацый па палітычных, нацыянальных, рэлігійных і іншых прыкметах [2, с. 57].

«CARITAS INTERNATIONAL» - міжнародная каталіцкая гуманітарная арганізацыя, філіялы і члены якой працуюць у многіх краінах свету. У аснове яе практычнай дзейнасці ляжыць дапамога тым, хто жыве ў нястачы, патрабуе дапамогі. Сродкі на дапамогу паступаюць не столькі ад дзяржаў і фондаў, колькі ад простых грамадзян [2, с. 58]. Гэтае сусветнае аб'яднанне ў 2000 г. складалася з 146 нацыянальных каталіцкіх арганізацый. У галіне развіцця і сацыяльнай падтрымкі яно супрацоўнічае з падобнымі арганізацыямі ў 194 краінах. Сусветная федэрацыя была заснавана ў Швейцарыі ў 1950 г. [13, с. 10].

«CARITAS EUROPE» - еўрапейская рэгіянальная арганізацыя «Карытас» - у 2000 г. аб'ядноўвала 52 нацыянальныя арганізацыі «Карытас» [14, с. 11].

3 чэрвеня 1991 г. Міністэрствам юстыцыі РБ была зарэгістравана Каталіцкая Дабрачынная Арганізацыя «Карытас Беларусі» [17, с. 26]. У верасні 1999 г. набыло афіцыйны статус Дабрачыннае Каталіцкае Таварыства «Карытас» Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі [3, с. 12].

«Карытас» выдзеліў пэўныя катэгорыі асоб, якія мелі патрэбу ў дапамозе: асобы, якія патрабавалі духоўнай дапамогі (адзінокія, пакінутыя, псіхічна зломленыя); пазбаўленыя правоў і вязні; хворыя, інваліды, хворыя на алкагалізм і наркатычна залежныя асобы, асабліва тыя, хто не мог разлічваць на якую-небудзь дапамогу; сем'і з праблемамі, разбітыя і дэмаралізаваныя, шматдзетныя сем'і і адзінокія бацькі; дзеці і моладзь, асабліва сіроты, дзеці, якія занядбаныя і парушалі закон, цяжка паддаваліся выхаванню; эмігранты, пілігрымы, вандроўнікі і бадзягі; асобы матэрыяльна бедныя; асобы з-за мяжы, якія патрабавалі дапамогі ў выніку стыхійных бедстваў і катастроф; асобы, якія перажывалі іншыя складанасці і жыццёвыя праблемы [1, с. 26].

«Карытас» выдзяляў некалькі аспектаў дабрачыннай дзейнасці: багаслоўскі, адукацыйны, супрацоўніцтва з буйнымі міжнароднымі каталіцкімі агенцтвамі, супрацоўніцтва з дзяржаўнымі ўстановамі і грамадскімі арганізацыямі [19, с. 7].

Рэгіянальныя арганізацыі «Карытас» атрымалі свой фармальны статус на Беларусі ў сярэдзіне 1990-х гг., хоць каталіцкая царква на Беларусі праводзіла актыўную дабрачынную дзейнасць з канца 80-х гг. На пачатаку 2000 г. дзейнічалі 4 арганізацыі на дыяцэзіяльнам узроўні: у Мінска-Магілёўскім архідыяцэзе, Пінскім, Віцебскім, Гродзенскім дыяцэзах [3, с. 12].

Каталіцкая арганізацыя «Карытас» у г. Гродне была афіцыйна зарэгістравана ў 1994 г., хоць пачала дзейнічаць са снежня 1990 г. [15, с. 13]. У красавіку - чэрвені 2001 г. у розных раёнах Гродзенскай вобласці дзейнічала 13 філіялаў «Карытас». Сярод найбольш актыўных філіялаў - парафіяльныя «Карытас» у Навагрудку, Шчучыне, Воранаве, Слоніме, Ваўкавыску, Дзярэчыне і інш. [6, с. 8].

«Карытас» Мінска-Магілёўскага архідыяцэза пачаў арганізоўвацца ў канцы 1991 г., але статус юрыдычнай асобы атрымаў толькі 3 чэрвеня 1996 г. [16, с. 13]. Дабрачынная дзейнасць у Пінскім дыяцэзе прыняла афіцыйны характар у 1992 г. У тым жа годзе была створана арганізацыя «Карытас» з цэнтрам у прыходзе Новая Мыш [4, с. 16]. Восенню 1999 г. была створана Віцебская дыяцэзія [5, с. 10]. 15 сакавіка 2000 г. «Карытас» Віцебскага дыяцэза атрымаў афіцыйны статус. У Віцебскі дыяцэз увайшла частка прыходаў Мінска-Магілёўскага дыяцэза. Цэнтрам «Карытас-Віцебск» стаў г. Наваполацк [10, с. 15].

На працягу 1991-2001 гг. «Карытас» ажыццяўляў шэраг дабрачынных праграм, якія ахоплівалі сваёй дапамогай самыя неабароненыя групы насельніцтва.

«Ціроль дапамагае дзецям Чарнобыля» - так называлася праграма, якую распрацавала і ажыццяўляла аўстрыйская дабрачынная арганізацыя «Карытас Лінц» сумесна з «Карытас» Беларусі. Праграма прадугледжвала арганізацыю адпачынку дзяцей з забруджаных раёнаў краіны ў горных раёнах Аўстрыі. У рамках гэтай праграмы ў асноўным праводзілася праца з дзецьмі з Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці. У 1998 г. у Ціроле адпачылі 245 дзяцей [12, с. 4].

У красавіку - лістападзе 2000 г. «Карытас» ажыццяўляў праграму «Дзіцячы адпачынак», якая прадугледжвала аздараўленчы адпачынак дзяцей з Беларусі ў Верхняй Аўстрыі, Ірландыі і Германіі. Большасць дзяцей - 514 чалавек - правялі лета ў Верхняй Аўстрыі. Гэта былі дзеці з усіх чатырох беларускіх дыяцэзій: Віцебскай - 60 чалавек, Гродзенскай - 57, Мінска-Магілёўскай - 281 і Пінскай - 115 [4, с. 17]. У 2001 г. «Карытас» арганізаваў адпачынак 538 дзяцей з усіх абласцей рэспублікі ў Італіі [18, с. 7].

У снежні 1996 г. у Гродзенскай дыяцэзіі ўпершыню на Беларусі была праведзена акцыя «Вігілійная справа дапамогі дзецям». У час акцыі «Карытас» сабраў 11 853 000 беларускіх рублёў (каля 5084 долараў ЗША), з якіх 3 200 280 руб. былі накіраваны на ласункі для дзяцей з Дамоў дзіцяці і іншых устаноў сацыяльнага забеспячэння ў г. Гродне і парафіях [8, с. 9].

Адна з праграм «Карытас» называлася «Канікулы з Богам». Сутнасць праграмы - адпачынак дзяцей і развіццё духоўнасці сярод «цяжкіх» падлеткаў, дзяцей з «небяспечных» сем'яў [15, с. 17].

Вялікую дапамогу дабрачыннай справе каталіцкай арганізацыі аказвалі арганізацыі «Карытас» іншых краін. Пастаянна з Польшчы, Германіі, Італіі, Францыі, Аўстрыі і іншых краін паступала гуманітарная дапамога. У яе склад уваходзілі лекі, медыцынскае абсталяванне, адзенне, абутак, мыючыя сродкі, прадукты харчавання, грошы і інш. Гуманітарная дапамога распаўсюджвалася сярод тых, хто жыве ў нястачы.

Адной з форм дабрачыннай дапамогі была арганізацыя бясплатных абедаў. За студзень - сакавік 2000 г. паслугамі бясплатных сталовак карыстаўся 27 071 чалавек [9, с. 22]. У 2001 г. у Бабруйску, Нясвіжы, Беразіно рэалізоўваўся праект «Кухня для малазабяспечаных» [7, с. 11].

Важнай праграмай «Карытас» з'яўлялася дапамога медыцынскім установам, а таксама аказанне дапамогі дзяржаўным і грамадскім арганізацыям, якія працавалі ў сферы сацыяльнага забеспячэння.

Спіс крыніц і літаратуры

1. Асінская, М. Месца працы - парафія / М. Асінская // Misericordia. - 2001. - № 1. - С. 26-28.

2. Демьяненко, А. Деятельность католической благотворительной организации «Каритас» в Гродно (1990-1995) / А. Демьяненко // Красный Крест и благотворительность: материалы научной конференции, посвященной 120-летию Гродненского общества Красного Креста / редкол. Е. М. Тищенко (гл. ред) [и др.]. - Гродно, 1995. - С. 57-60.

3. Дзем'янка, А. Час дзеянняў / А. Дзем'янка // Misericordia. - 2000. - № 1. - С. 12.

4. Дзіцячы адпачынак-2000 у дыяцэзіях // Misericordia. - 2000. - № 3-4. - С. 15-17.

5. За мяжой і ў сябе дома // Misericordia. - 2001. - № 3. - С. 10.

6. Мароз, І. «Карытас» стварае парафіяльныя філіялы / І. Мароз // Misericordia. - 2001. - № 2. - С. 8.

7. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Справаздача аб працы ў 2001 г. // Misericordia. - 2001. - № 4. - С. 11-12.

8. Міхайлік, Л. Вігілійная акцыя дапамогі / Л. Міхайлік // Misericordia. - 1997. - № 1. - С. 9, 11.

9. Міхайлік, Л. З думкай пра чалавека / Л. Міхайлік // Misericordia. - 2000. - № 2. - С. 22-23.

10. Михайлик, Л. «Каритас» Вицебского диоцеза / Л. Михайлик // Misericordia. - 2000. - № 1. - С. 15.

11. Міхайлік, Л. Карытас - міласэрнасць касцёла / Л. Міхайлік // Misericordia. - 1997. - № 1. - С. 7.

12. Михайлик, Л. Тироль помогает детям Чернобыля / Л. Михайлик // Misericordia. - 1998. - № 1-4. - С. 4.

13. Міхайлік, Л. Caritas Internationalis - федэрацыя «Карытас» усяго свету / Л. Міхайлік // Misericordia. - 2000. - № 1. - С. 9-10.

14. Міхайлік, Л. Caritas Europe - вырашае праблемы еўрапейскага рэгіёну / Л. Міхайлік // Misericordia. - 2000. - № 1. - С. 11-12.

15. Ожел, Ф. «Во имя исполнения Божьей миссии» / Ф. Ожел // Misericordia. - 1995. - № 1. - С. 11, 13, 15, 17, 19.

16. Паходня, Ж. Деятельность «Каритас - Минск» в 1999 г. / Ж. Паходня // Misericordia. - 2000. - № 1. - С. 13-14.

17. Сапель, М. Карытас Еўропа на Беларусі / М. Сапель // Misericordia. - 2001. - № 1. - С. 26-28.

18. У сонечнай Італіі // Misericordia. - 2001. - № 1. - С. 7.

19. Церковь за спасение человечества. Основные направления благотворительной деятельности католической церкви // Misericordia. - 2000. - № 1. - С. 5-9.

Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народу. Пад рэд. Марозавай С.В., Ярмусік Э.С., - ГрДУ, Гродна, 2008.

Мінаева Н.М.

Рубрыка: