Зварот на Раство Хрыстова Усясветнага патрыярха Варфаламея

+ З ЛАСКІ БОЖАЙ АРХІЕПІСКАП КАНСТАНЦІНОПАЛЯ - НОВАГА РЫМУ І ЎСЯСВЕТНЫ ПАТРЫЯРХ

+ УСЁЙ СУПОЛЬНАСЦІ ЦАРКВЫ

+ ЛАСКА, МІЛАСЦЬ І МІР АД ЗБАЎЦЫ ХРЫСТА, НАРОДЖАНАГА Ў ВІФЛЕЕМЕ

Любыя ў Госпадзе браты, сёстры й дзеці,

“Хрыстос з нябёс - сустракайце!”

Бог з’явіўся на зямлі, і ў той самы час нам быў яўлены дасканалы чалавек, а разам з ім і неспасціжная годнасць чалавечай асобы. Мы, сучасныя людзі, асабліва востра перажываем стан пасля грэхападзення, калі штодзённа бачым, па словах Псалмапеўцы, што “ўсе заблудзілі, сталіся нікчэмнымі, няма ніводнага, хто б чыніў дабро”. (Пс. 13:3; Рым. 3:12-13).

Да ўцялеснення Хрыста чалавек не мог нават уявіць сабе неспасціжную годнасць чалавечай асобы, бо пасля падзення яна змізарнела і сказілася. Тады толькі надзвычай асвечаныя людзі маглі ўспрыняць гэтую годнасць, каб на разгубленае пытанне “Дык хто ёсць чалавек, што Ты памятаеш пра яго, і сын чалавечы, што Ты пра яго дбаеш?” паўтарыць за Псалмапеўцам у адказ: “Ты зрабіў яго мала меншым за анёлаў, славаю і пашанаю вянчаў яго.” (Пс. 8:5-6).

Гэтая надзвычайная годнасць чалавека, з’яўленая Богачалавекам – Госпадам, пастаянна знаходзіць адлюстраванне ў разнастайных заявах дзяржаваў, урадаў, сацыяльных групаў, а таксама ў міжнародных дамовах, датычных павагі да чалавечай асобы і правоў чалавека.

Тым не менш, у нашыя часы мы штодзённа бачым усё большае прыніжэнне, ганьбаванне і зневажэнне чалавечай асобы. Таму, калі мы хочам стаць годнымі славы й гонару, якімі ўвянчаў нас наш Творца, Той, Які “стаў намі дзеля нас”, – нам трэба прыкласці ўсе намаганні, каб спыніць дзеянні, скіраваныя на знявагу чалавечай асобы.

З вялікім подзівам мы сочым за “Віфлеемскай драмай”, якая паўтараецца пастаянна. Гаворка не столькі пра радасную падзею, колькі пра драму, бо непазнаным ляжыць спавіты ў яслях Сын Божы, Слова Божае, а Ягонае стварэнне – чалавек – не ўважаецца за “вобраз Божы”.

Нашая святая Праваслаўная Царква і яе багаслоўе вучаць, што чалавек і чалавечае цела вартыя ўсякай пашаны, бо яны паяднаныя з Богам ва ўцялесненым Госпадзе. Таму ўсім нам трэба намагацца, каб годнасці чалавечай асобы ўсюды надавалася найвышэйшая пашана.

З вялім смуткам і глыбокім шкадаваннем Усясветная Патрыярхія і мая сьціплая асоба адзначаюць, што ў сучасным свеце ўсё больш узрастаюць хвалі гвалту і жорсткасці, якія ахопліваюць розныя куткі нашай планеты, асабліва ж – Блізкі Усход, і ад гэтага ў значнай меры пакутуе карэннае хрысціянскае насельніцтва, прычым часта – у імя рэлігіі. Са святога цэнтру Праваслаўя мы несупынна абвяшчаем усім братам – Прадстаяльнікам Праваслаўных і іншых Хрысціянскіх цэркваў, прадстаўнікам розных рэлігій, дзяржаўным лідэрам, і кожнаму чалавеку добрай волі, а асабліва тым, хто з уласнае волі ці падбухтораны іншымі хоча рызыкаваць сваім жыццём, каб пазбавіць жыцця іншых людзей, якія таксама – стварэнні Божыя, і наогул усім людзям: аніякая ісціная і сапраўдная рэлігійнасць або духоўнасць немагчымая без любові да чалавека. Любое ідэалагічнае, грамадскае і рэлігійнае ўтварэнне, якое пагарджае чалавекам, створаным паводле вобразу Божага, і якое вучыць ці дазваляе забіваць іншага чалавека, асабліва ў жорсткі і дзікунскі спосаб, не мае ніякага дачынення да Бога любові.

Браты, сёстры і дзеці! Звяртаючы ўвагу на стан сучаснага свету, мы асуджаем трагічныя падзеі, спароджаныя нянавісцю і варожасцю да чалавецтва, і якія, з лёгкасьцю трапляюць нам на вочы і даходзяць да нашага слыху праз сродкі масавай інфармацыі, несучы гэтым адчуванне пэўнага страху перад бедамі, што яшчэ могуць прыйсці. У якасці дзейснага проціяддзя супраць сучаснага гвалту мы прапануем “надзвычайнае ўбоства” Бога, якому здзівіліся вешчуны і ўвесь свет, і якое заўжды дзейнічае як любоў. Гэта і ёсць таемная сіла Божая, таемная сіла Праваслаўнай Царквы, таемная сіла хрысціянскага роду; сіла, якая любоўю перамагае і пераўзыходзіць усякія гвалт і зло.

Гэта нашая ацэнка стану рэчаў у свеце ў сённяшнія калядныя святы. Хацелася б, каб ўсе мы маглі жыць у радасці дасканалай павагі да асобы чалавека і прыпынення гвалту ў якой бы ні было форме, у перамозе, якую прапануе і прыносіць Той, Які прыняў плоць, “Ангел Вялікае Рады”, “Князь міру”, наш Збаўца – Хрыстос.

Няхай ласка, бясконцая міласць і добрая воля народжанага і ўчалавечанага Госпада славы, міру і любові будуць з усімі вамі.

Раство Хрыстова 2014

+Варфаламей Канстанцінопальскі

Ваш гарачы хадайнік перад Богам

 

Рубрыка: