Кампанія “За свабоду сумлення” выйшла на новы этап

Як паведамлялася раней, у межах кампаніі за свабоду сумлення было сабрана больш за 50 тыс. падпісаў, і бягучы тыдзень рэлігійнага жыцця краіны мусіў праходзіць пад гэтым знакам. Пачаўшы ў панядзелак з прэс-канферэнцыі ў царкве “Новае жыццё”, арганізатары кампаніі меркавалі правесці яшчэ шэраг мерапрыемстваў, перадаючы подпісы ў розныя дзяржаўныя ўстановы – Канстытуцыйны суд (аўторак), Палату прадстаўнікоў (серада), Адміністрацыю Прэзідэнта (чацвер), а завяршыцца ўсё павінна круглым сталом на Ўправе БНФ у пятніцу.

У прэс-канферэнцыі ў панядзелак прынялі ўдзел Вячаслаў Ганчарэнка, епіскап рэлігійнага аб’яднання супольнасцей хрысціян поўнага Евангелля, Генадзь Кернажыцкі - пастар рэлігійнай супольнасці “Божая Царква” (аб’яднанне хрысціян веры евангельскай), Георгі Вязоўскі - пастар рэлігійнай супольнасці “Запавет Хрыста” (хрысціяне-баптысты), які ў мінулым годзе быў арыштаваны на 10 сутак за арганізацыю рэлігійнага сходу ў сваім прыватным доме, Сяргей Луканін - прэс-сакратар, каардынатар Кампаніі, а таксама сустрашыня аргамітэта партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Аляксей Шэін. Спачатку Сяргей Луканін распавёў аб хадзе кампаніі, якая праходзіла ў 50-ці гарадах Беларусі, а агульная колькасць населеных пунктаў, дзе праходзіў збор подпісаў склала каля 200. Каардынатар кампаніі таксама адзначыў, што гэта кампанія можа лічыцца самай буйной акцыяй непалітычнага плану, якая адбывалася ў Беларусі. Матывамі кампаніі Сяргей Луканін назваў маштабныя сістэмныя парушэнні правоў веруючымі ў нашай краіне, звязаныя з выкарыстаннем закандаўства, у прыватнасці Закона аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях. Пастар Вячаслаў Ганчарэнка сцвердзіў - нягледзячы на тое, што на працягу кампаніі ўдзельнікі сутыкаліся з разнастайнымі цяжкасцямі, гэтыя цяжкасці былі пераадоленыя, у прыватнасці, ён адзначыў: “Мне радасна, што мы, як веруючыя, удзельнічаем у пераменах.” Аляксей Шэін закрануў міжнародны аспект кампаніі, зазначыўшы, што без забеспячэння права на свабоду сумлення немагчымае існаванне дэмакратычнай дзяржавы, таму адным з вынікаў ён бачыць уключэнне Еўрапейскім Саюзам і дэмакратычнымі краінамі гэтага права ў шэраг крытэраў ацэнкі палітычнай сітуацыі ў Беларусі, у пермаўны працэс паміж Заходнімі краінамі і беларускімі ўладамі.

Пастар Георгі Вязоўскі, які быў арыштаваны на 10 сутак за чытанне Бібліі разам са сваімі сябрамі ў сваім прыватным доме 5-га сакавіка 2006 г., і які нагадаў, што менавіта хрысціянскіх вернікаў прыцягвалі да адміністратыўнай адказнасці за рэлігійную дзейнасць, у той час, як прадстаўнікі таталітарных сект працягваюць беспакарана дзейнічаць на тэрыторыі Беларусі.

Пастар Генадзь Кернажыцкі разважаў на тэму свабоды веравызнання, узгадваючы, што ягоныя сябры-хрысціяне з Украіны, кажучы пра беларускую сітуацыю са свабодай сумлення, скардзіліся на тое, што свабода веравызнання, якая дзейнічае на Ўкраіне дазваляе існаванне антыхрысціянскіх культаў, напрыклад, сатаністаў, на што сам пастар Генадзь адказвае, што нельга паводле ўласнага ўяўлення чыноўніка казаць “вось гэта секта, а гэта царква”.

У лагічны працяг гэтага разважання журналістамі было зададзенае пытанне пра тое, як суадносіцца адначасовая барацьба за свабоду сумлення і зварот да дзяржаўных органаў па абмежаванні дзейнасці акультыстаў і астролагаў, на што пастар Вячаслаў Ганчарэнка адказаў, што мы бачым гістарычны досвед цэлых цывілізацый, якія гінулі з-за акультызма. Паводле словаў пастара, мы не павінны карыстацца з паліткарэктансці ў гэтым выпадку, падобныя звароты – гэта нармальная рэакцыя веруючых людзей.

Падача подпісаў, паводле Сяргея Луканіна, будзе адбывацца ў адпаведнасці з Законам аб зваротах грамадзянаў і будзе афармляцца як калектыўны зварот грамадзянаў, які мусіць быць разгледжаны ў месячны тэрмін, а вынікам мусіць стаць матываваны адказ. Далей арганізатыра кампаніі плануюць стварэнне супольнай працоўнай групы па выпрацоўцы зменаў у існуючае рэлігійнае заканадаўства пры ўвядзенні мараторыя на асобныя нормы права. Аляксей Шэін паведаміў, што апроч беларускіх інстанцыяў, подпісы будуць пададзеныя ў Еўрапарламент з прапановай правядзення слуханняў аб свабодзе сумлення ў Беларусі.

Трэба, аднак, адзначыць, што прэс-канферэнцыю наведала вельмі малая колькасць журналістаў, нават у параўнанні з прэс-канферэнцыяй, з якой кампанія пачалася, што сведчыць пра невялікую, на жаль, зацікаўленасць грамадскасці пытаннямі свабоды сумлення.

Крыніца:

ЦАРКВА

Рубрыка: