Круглы стол аб свабодзе сумлення і дзяржаўным рэгуляванні рэлігійнай сферы адбыўся 29 лютага

29 лютага на Ўправе БНФ быў праведзены Круглы стол на тэму "Кампанія па абароне правоў на свабоду сумлення", у якім прынялі ўдзел праваабаронцы, палітычныя, грамадскія і рэлігійныя дзеячы Беларусі. Мадэраваў дыскусію Павал Севярынец.

На круглым стале былі прынятыя спробы прааналізаваць кампанію, а таксама прапанаваць шляхі далейшага ўплыву на дыскрымінацыйную сітуацыю ў галіне свабоды веравызнання.

Сяргей Луканін, каардынатар кампаніі, расказаў пра тое, як кампанія праходзіла, якім чынам адбываўся збор подпісаў. Ён адзначыў, што ўдзел у кампаніі прынялі прадстаўнікі розных хрысціянскіх супольнасцей - і пратэстанты, і каталікі, і праваслаўныя, а таксама сказаў пра досвед супрацоўніцтва з няўрадавымі грамадскімі арганізацыямі і аргкамітэтам па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя.

Юрыст Дзіна Шаўцова расказала пра гісторыю прыняцця Закона аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях, пра тое, якім чынам адбываліся дыскусіі перад ягоным прыняццем, а таксама сцвердзіла пра неабходнасць падрыхтоўкі альтэрнатыўнага законапраекту.

На круглым стале выступілі таксама пастар Георгій Вязоўскі, які быў арыштаваны на 10 сутак за правядзення несанкцыянаванага богаслужэння ў сваім прыватным доме. На ягонае меркаванне, кожнага святара і служыцеля можна прыцягваць да адказнасці ў адпаведнасці з дзеючым Законам.

Валянціна Трыгубовіч, праваабаронца, прадстаўніца ініцыятывы "За свабоднае веравызнанне" адзначыла наступнае: "Чаму чыноўнікі, дзяржава ў цэлым імкнецца так кантраляваць і рэпрэсаваць вернікаў, хрысціянаў, у першую чаргу, паколькі іх найбольш у краіне? У маім разуменні, гэта ідзе ад старой савецкай завядзёнкі, ад той традыцыі, якая склалася ў савецкі час, калі была прымусовая атэізацыя. Дзяржава бачыць у людзях, якія вераць у штосьці высокае, канкурэнтаў сабе. Яна іх баіцца. Яна баіцца людзей, для якіх ёсць нейкая вышэйшая ўлада, вышэйшая сіла, якую яны не разумеюць... І вось гэты страх і прымушае "душыць" тых людзей. І калі мы гаворым, што больш рэпрэсуюць пратэстантаў, то гэта не значыць, што ўлады не спрабуюць задушыць тых жа мусульманаў, іудэяў, праваслаўных хрысціян. Проста ў розныя часы розныя групы выходзяць на пярэдні план." Спадарыня Трыгубовіч таксама адзначыла, што нягледзячы на праяўленае супрацоўніцтва у хадзе кампаніі, ёсць патрэба ў большай салідарнасці, толькі такім чынам можна пабудаваць грамадзянскую супольнасць. Больш за тое, Валянціна Трыгубовіч сцвердзіла, што мусіць быць дыялог і гэты дыялог мусіць мець тры складнікі - рэлігійныя арганізацыі, дзяржава і грамадства.

Круглы стол завершыўся дыскусіяй.

Крыніца:

ЦАРКВА

Рубрыка: