Праваслаўны Ўсебеларускі Сабор 1942 г., апрабаваны Саборам Беларускіх епіскапаў у 1943 г.

Ліст да Канстантынопальскага Патрыярха

 

Ліст да Канстантынопальскага Патрыярха, прыняты Праваслаўным Усебеларускім Саборам у верасьні 1942 г. у Менску, апрабаваны пазьней Саборам Беларускіх Япіскапаў з некаторымі зьменамі і пераданы ў 1943 г. у палітычны аддзел Генэральнага Камісарыяту Беларусі для перасылкі ў Канстантынопаль, але ня высланы з прычыны ваенных падзеяў. Пазьней (дня 14.9.1953 г.) Б.Ц.Р. пераслала гэты ліст Патрыярху праз Ягонага Экзарха — архіепіскапа Міхаіла.

Ваша Сьвяцейшаства, Сьвяцейшы Уладыка!

Мы, Гіерархі Праваслаўнай Беларускай Царквы, зварочваемся да Вашага Сьвяцейшаства і просім пачуць сваім, поўным любові, сэрцам патрэбы нашае Царквы, прыняць іх блізка да свайго сэрца і падаць Ёй руку помачы ў справе ўладжаньня царкоўнага жыцьця на падставах аўтакефаліі.

Праваслаўная вера на беларускіх землях зьявілася ў Х стагодзьдзі Прынесена яна сюды з Канстантынопалю праз Кіеў і расьцьвіла тут ва ўсім яе харастве.

Ад самага пачатку гістарычнага жыцьця нашага народу Праваслаўная вера была магутным дзейнікам у ягоным жыцьці і моцнай апорай у зьменнай долі. Пад уплывам праваслаўнай веры народ наш закрасаваў, душа яго ўзбагацілася ўсімі хараствамі праўды Божай, землі ягоныя пакрыліся мноствам чалавечай душы, Беларускі народ даў Царкве сваіх сьвятых (Прэпадобная Еўфрасіньня — князёўна Полацкая, сьв. сьв. Кірыл і Лаўрэнці — япіскапы Тураўскія, Прэпадобны Афанасі — ігумен Берасьцейскі, сьв. сьв. Віленскія мучанікі Антоні, Іоан і Еўстафі) і праз доўгія вякі захаваў сваю веру праваслаўную ва ўсёй яе чысьціні і непашкоджанасьці.

Яшчэ ў ХІ стагодзьдзі Беларускі народ меў свае япіскапскія катэдры ў Полацку, Смаленску і Тураве, а пазьней у Навагрудку і ў Берасьці. У ХІV стагодзьдзі царкоўнае жыцьцё было на гэтулькі шырока разьвітае, што зьявілася патрэба мець свайго Мітрапаліта. Першым Мітрапалітам Беларускае Мітраполіі, якая тады называлася Літоўска-Рускаю, быў Раман. У сан Мітрапаліта ён быў высьвечаны Канстантынопальскім Патрыярхам Феафілам. Мітрапаліт гэты атрымаў ад Канстантынопальскага Патрыярха праз аўтаномнага, амаль не аўтакефальнага галавы сваёй Мітраполіі, намінальна толькі залежнага ад Канстантынопалю. Пасьля сьмерці Рамана Мітрапалітам Беларускім стаў Кірыян з тытулам Літоўска-Кіеўскага. У 1415 г. быў скліканы ў Навагрудку Сабор, на каторым праваслаўныя япіскапы выбралі і самі пасьвяцілі ў сан Мітрапаліта Літоўска-Рускага (Беларускага) Грыгорыя Цымблака. Са сьмерцяй Грыгорыя Цымблака (1415 г.) Беларуская Мітраполія страціла самастойнасьць і ўвайшла ў склад Кіеўскай Мітраполіі, а пазьней, пасьля злучэння Літоўска-Рускага княства з Польшчай (1569 г.), нават адчула вялікае прасьледаваньне з боку фанатычнага каталіцызму ў Польшчы. Пасьля-ж па-дзелаў Польшчы (1772—1796 гг.), разам з прылучэньнем беларускіх земляў да Расеі, і Беларускай Царква перайшла пад юрысдыкцыю Расейскага Праваслаўнага Сыноду.

У 1921 г. Рымскі трактам Беларусь была падзелена на дзьве часткі: гэтак званая Заходняя апынулася ў межах Польшчы, дзе праваслаўнае беларускае духавенства і насельніцтва належала да Польскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы. Большая-ж частка Беларусі, г. зв. Усходняя, адыйшла да савецкай Расеі, дзе царкоўна-рэлігійнае жыцьцё было бальшавікамі зьнішчана, сьвятыні разбураны, царкоўная маёмасьць адабрана, а япіскапы і сьвяшчэньнікі былі вывезены ў ссылкі, дзе загінулі, або расстраляны на месцы.

У 1941 г. нямецкая армія вызваліла Беларусь ад бальшавікоў і палякаў, і актам Генэральнага Камісара для Беларусі ад 3 кастрычніка 1941 г. жыцьцё Праваслаўнай Царквы на Беларусі было легалізавана пры ўмове яе аўтакефальнага кіраваньня.

Падзеленая на дзьве часткі, цяпер Беларусь творыць адзін дзяржаўны арганізм пад назовам Генэральны Камісарыят Беларусі.

Усіх жыхароў на Беларусі налічваецца каля 15 мільёнаў, з каторых 83 прац[энты] праваслаўных.

Усходняя Беларусь, якая больш 20-ці гадоў знаходзілася пад бальшавікамі, цяпер творыць і арганізуе царкоўнае жыцьцё, аднаўляюцца і адчыняюцца храмы, зачыненыя або пераробленыя на клюбы, тэатры і інш., засноўваюцца прыходы, разьвіваецца праваслаўная місіянэрская праца сярод беларускага насельніцтва.

Царкоўным жыцьцём на Беларусі кіруе Сабор Япіскапаў і Сынод на чале з Мітрапалітам. Сабор Япіскапаў у сакавіку 1942 г. падзяліў Беларускую Мітраполію на 6 Епархіяў. Усіх Япіскапаў з Мітрапалітам разам у сучасны мамэнт ёсьць 5. Прадбачаюцца хіратоніі новых япіскапаў.

У верасьні 1942 г. у сталічным горадзе Беларусі Менску адбыўся Царкоўны Сабор, складзены з Гіерархіі і выбраных прадстаўнікоў духавенства і міранаў Беларускае Мітраполіі, на якім быў апрацаваны і прыняты Статут для Беларускае Праваслаўнае Аўтакефальнае Царквы. Статут гэты складзены на падставе канонаў і традыцыяў Сьвятое Усяленскае Усходняе Праваслаўнае Царквы. На гэтым самым Царкоўным Саборы пастаноўлена звярнуцца да Глаў усіх Праваслаўных Аўтакефальных Цэркваў з просьбаю даць сваё багаслаўленьне на аўтакефальнае існаваньне Беларускае Праваслаўнае Царквы.

Поўныя глыбокай пашаны любові і адданасьці да Вас, Найсьвяцейшы Уладыка, яшчэ раз просім даць сваё апостальскае багаславеньне на самастойнае жыцьцё нашае Сьвятое Праваслаўнае Царквы Беларускае і прыняць Яе ў лік сёстраў — Сьвятых Аўтакефальных Праваслаўных Цэркваў ва славу Сьвятой Царквы Хрыстовай і на карысьць багалюбівага праваслаўнага Беларускага Народу.

Божай Міласьцю Мітрапаліт Панцялейман.

Сьмірэнны Філафей, Арх[іепіскап] Магілёўскі і Мсьціслаўскі.

Сьмірэнны Афанасі, Япіскап Віцебскі і Полацкі.

Менск, 20.ІV.1943 г.

друкуецца паводле Лапіцкі М. У служэнні Богу й Беларусі. - Нью-Ёрк - Варшава, 2005. - С.176-178

Рубрика: