У дзесятую гадавіну
Памяці протапрэзбітара Яна Матусевіча
Гэтага святара ведалі многія ў Беларусі. Мажны, абапіраючыся на кавеньку, ён прыходзіў на сходы і мітынгі. Ён быў першы рыма-каталіцкі святар, які ў гады перабудовы загаварыў да шырокай аўдыторыі. І загаварыў па-беларуску.
Ён прыйшоў на Ўстаноўчы з’езд Беларускага народнага фронту, каб нагадаць пра хрысціянскія традыцыі і хрысціянскія каштоўнасці. Паколькі з’езд праходзіў у дзень святога Яна Хрысціцеля, ён запрасіў яго ўдзельнікаў на імшу ў касцёл святога Мікалая – той самы касцёл, у якім шмат гадоў, аж да трагічнага арышту, служыў айцец Адам Станкевіч.
З айцом Адамам гэтага ксяндза яднала не толькі тое, што яны былі беларускімі святарамі Рыма-Каталіцкай Царквы. Тыя, хто пазнаёміўся з айцом Янам бліжэй, ведаў, што ён, як ксёндз Адам Станкевіч, – бібліяфіл і што асаблівым ягоным хобі было збіранне кніг пра мастацтва.
Як і ксёндз Адам Станкевіч, айцец Ян глядзеў на хрысціянства ў Беларусі не з вузкаканфесійнага гледзішча. Ён быў адкрыты для дыялогу з праваслаўнымі і пратэстантамі. І таму невыпадкова ён стаў адным з сузаснавальнікаў Беларускага біблійнага таварыства, у якое ўвайшлі прадстаўнікі розных канфесіяў і дэнамінацыяў.
Мажліва гэтай адкрытасці спрыяла тое, што рыма-каталіцкі святар Ян Матусевіч (так склалася) скончыў праваслаўную духоўную семінарыю і добра ведаў багатыя духоўныя трыдыцыі хрысціянскага Усходу.
Святло Усходу (так называлася адно з Апостальскіх пасланняў Папы Яна Паўла ІІ) заўсёды было ў сэрцы, у свядомасці рыма-каталіцкага святара Яна Матусевіча. Да таго ж ён і служыў у асаблівай мясцовасці – у Барунах, што на Ашмяншчыне. Служыў у сценах былога уніяцкага манастыра. У гэтых базыльянскіх мурах ён сузіраў абраз Маці Божае Барунскае, які шануюць і католікі, і праваслаўныя. Маліўся да яго. І той, хто ведаў айца Яна, анітрохі не здзівіўся, калі на самым заранку другога абвяшчэння незалежнасці Беларусі ён стаў грэка-каталіцкім святаром. Бо хто такі грэка-католік, уніят? Гэта праваслаўны, які жыве ў адзінстве з Рымам, з пасадам апостала Пятра. Праваслаўны, які не хоча падзелу хрысціянства на ўсходняе і заходняе.
Тады, на пачатку 1990-х, Ян Матусевіч быў другім грэка-каталіцкім святаром у Беларусі. Першым быў ужо немалады былы вязень ГУЛАГу айцец Віктар Данілаў, якога таемна высвяцілі яшчэ ў савецкі час. Айцец Віктар жыў у Гродне. І таму дэканам Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы быў пастаўлены маладзейшы за айца Віктара на дваццаць гадоў жыхар сталіцы айцец Ян Матусевіч.
Нехта яшчэ напіша гісторыю станаўлення сучаснае Грэка-Каталіцкае Царквы ў Беларусі, гісторыю заснавання першай парафіі Святога і Праведнага Язэпа ў Менску, якая адпраўляла літургію то на прыватных кватэрах, то ў падвалах, то ў “чырвоных кутках”. Нехта яшчэ напіша пра тыя перашкоды Царкве, якія чыніла і чыніць ёй дзяржаўная ўлада. Але такая ўжо ў нас зямля, такая глеба, дзе сышліся Усход і Захад, грэцкія і лацінскія традыцыі.
Цяпер БГКЦ мае больш за дваццаць парафіяў. І калі айцец Ян Матусевіч быў першым і адзіным дэканам Царквы, дык цяпер маецца два дэканаты. І адзін з дэкантаў, а таксама парафію Святога Язэпа ўзначальвае гадунец айца Яна – протапрэзбітар Андрэй Абламейка. За гэтыя гады Царква атрымала пятнаццаць святароў і мае семінарыстаў. А тое, што ў Беларусі з’явілася грэка-каталіцкае манаства, можна разглядаць як заруку будучыні Царквы, бо, як правіла, з манахаў паходзяць уладыкі, рэктары, прэфекты.
З верай і надзеяй гледзячы ў будучыню, беларускія грэка-католікі з удзячнасцю згадваюць ў гэты дзень айца Яна Матусевіча, які пакінуў нас роўна дзесяць год таму.
