МАНІТОРЫНГ СМІ: НАША НІВА: Інтэрвію з япіскапам ХВЕ Сяргеем Хомічам: "Беларусы, ідзіце да Бога"

Мінская царква «Благадаць» Хрысціян Веры Евангельскай адзначае сваё 25-годдзе. Eпіскап Аб’яднанай Царквы ХВЕ ў Беларусі Сяргей Сяргеевіч Хоміч пагутарыў з карэспандэнтам НН пра апошнія 25 год і надзённыя праблемы царквы.

Наша Ніва: Колькі вернікаў у Мінскай царкве «Благадаць»?

Сяргей Хоміч: У Мінскай царкве 3950 вернікаў, а ўвогуле ў Беларусі 482 зарэгістраваныя царквы і каля 150 груп, якія яшчэ не прайшлі рэгістрацыю.

Наша Ніва: І як жывецца ў 2009 годзе царкве, якая пачынала свой шлях у 1984 годзе?

Сяргей Хоміч: Усё пазнаецца ў параўнанні. Вы думаеце, чаму царква ўзнікла 25 гадоў таму, калі існавалі ўжо іншыя беларускія цэрквы, якія ў гэтым годзе адзначылі і 80 і 85-годдзе? У Мінску таксама былі ўжо людзі, якія лічылі сябе хрысціянамі веры евангельскай. Мінская царква мела свой будынак. У 1984 годзе ўлады закрылі малітоўны дом і пазбавілі нас рэгістрацыі за парушэнне заканадаўства аб рэлігійных культах. Парушэнне было ў тым, што ў пропаведзях удзельнічалі замежныя госці (гэта і сёння праблема), а таксама прысутнічалі дзеці. Заканадаўства і тое і другое забараняла.

Наша Ніва: Якім чынам вы збіраліся ў тыя часы?

Сяргей Хоміч: Два гады мы праводзілі служэнні ў падполлі: у прыватных дамах, бывала, у лесе. Група людзей пагадзілася з умовамі закона і іх зарэгістравалі. Астатнія хацелі падпарадкоўвацца толькі закону Божаму, а не свецкаму. Такім чынам сфармавалася другая мінская царква. Гэта не самая прыемная карціна ўзнікнення, аднак 1984 год стаў пунктам адліку. Цяжка параўноўваць той час, калі мы не мелі нічога, з сённяшнімі справамі. Мы збіраліся ў жылых дамах. Тады яшчэ не было катэджаў, як сёння. Уявіце ў маленькай, амаль вясковай, хаце збіралася 200-300 чалавек. Адзін з веруючых расказваў, што ён не мог узняць рукі, каб выцерці пот з ілба. Пакоі былі бітком набіты. Сёння нашая царква мае ўласны будынак, ніхто не перашкаджае нам маліцца ці прапаведаваць слова божае. Усе пазнаецца ў параўнанні.

Але заўсёды хочацца большага. Ёсць сёння складанасці з рэгістрацыяй грамадаў. Патрэбна мець юрыдычны адрас і 20 прыхільнікаў веры. Аднак адкуль возьмуцца гэтыя 20 чалавек, калі прапаведніку нельга прапаведаваць ім Слова Божае без рэгістрацыі. Законам забаронена. Адкуль з’явяцца веруючыя без прапаведніка там, дзе казалі, што Бога няма? Ёсць вялікія праблемы з будаўніцтвам культавых будынкаў.

Наша Ніва: Вы маеце на ўвазе новыя цэрквы?

Сяргей Хоміч: Так. У нас амаль няма магчымасці будаваць малітоўныя дамы ў раённых цэнтрах. Улады адмаўляюцца выдзяляць зямлю. Што датычыцца непасрэдна Мінска, нам пашанцавала, такі дом ужо ёсць. Адзінае, што бянтэжыць нашыя ўлады, — гэта прыезд замежных прапаведнікаў.

Наша Ніва: Праблема атрымаць дазвол на прыезд?

Сяргей Хоміч: Кожны выпадак трэба ўзгадняць. Я не маю права запрасіць знаёмага пастара без дазволу ўпаўнаважанага. Яны, у сваю чаргу, могуць даць дазвол на прыезд, а могуць і не даць. Уласна, мяне гэта абурае. Ні ў адной краіне свету такога няма, каб мяне запрасілі і пыталіся, пра што я буду там гаварыць. У Беларусі мяне запытваюць, пра што будзе гаварыць замежны госць. Дайце ім тэму, ледзьве не раздрукаваны тэкст у поўным аб’ёме. Гэта немагчыма. Мы падчас пропаведзяў не чытаем, мы гаворым. Чалавек можа адысці ад напісанага тэксту. Мне нават сорамна прасіць замежных гасцей даць такія рэчы, нібы я не давяраю знаёмаму мне пастару. Гэты момант нашага заканадаўства нас моцна засмучае. Мы лічым яго няправільным, недэмакратычным і неканстытуцыйным.

Наша Ніва: У вас бываюць пропаведзі ці сустрэчы на беларускай мове?

Сяргей Хоміч: Так, раней у нас рэгулярна праводзіліся такія сустрэчы, раз на тыдзень. Сорамна казаць, але гэтая справа не вельмі добра пайшла. Не вельмі хацелі людзі прыходзіць на беларускамоўныя пропаведзі. Цяпер мы робім змешаныя служэнні па пятніцах. Там ёсць пропаведзі і спевы па-беларуску і па-расейску. Такім чынам, расейскамоўныя атрымоўваюць духоўны пажытак, але і на беларускую мову не забываюцца.

Наша Ніва: Па-беларуску прапаведуе толькі адзін пастар ці многія могуць гэта рабіць?

Сяргей Хоміч: У тым і справа. Лёгка прапаведаваць па-беларуску не ўсе могуць. Толькі некалькі чалавек рабілі гэта раней і сёння працягваюць. У пятніцу яны якраз маюць такое акенца беларускай мовы.

Наша Ніва: Можа, Вы штосьці важнае хочаце сказаць нашым чытачам?

Сяргей Хоміч: Я не думаю, што гэта правільна, калі мы клічам пад свае сцягі. Я хачу сказаць: беларусы, ідзіце да Бога. Не важна, дзе вы яго знойдзеце, у якім храме. Я хачу прызваць усіх, каб яны ўбачылі заўтрашні дзень толькі з Богам. Гэта значыць, вы будзеце жыць не толькі наступныя 20-30 гадоў, але і 100 і 200. Мы вечныя.

Наша Ніва: Дзякуем за размову. І яшчэ раз Вас віншуем з 25-годдзем.

Гутарыла Настасся Шамрэй, Наша ніва

Рубрыка: