Разам, ды паасобку.

Пра перспектывы аб'яднання РПЦ і РПЦЗ

 

Апошні Зварот епіскапа Яўціхія, кіруючага прыходамі РПЦЗ у Расеі пра пажаданасць хутчэйшага «ўзнаўлення еўхарыстычнай і кананічнай еднасці» прыкліканы, безумоўна, змякчыць адну з самых балявых кропак паміж РПЦЗ і РПЦ – прыходу РПЦЗ на тэрыторыі Расеі, Украіны і Беларусі.

Цяпер многія бядуюць пра тое, што, маўляў, дарма РПЦЗ пайшла на такі крок – узяла пад сваю юрысдыкцыю прыходы на кананічнай тэрыторыі РПЦ, што стала адной з галоўных праблем на шляху да аб'яднання. Насамрэч гэта не столькі праблема, колькі практычная цяжкасць. Паколькі, калі б такіх прыходаў не было, лягчэй было б здейсніць фармальнае «аб'яднанне», абыходзячы пытанне рэальнай саборнасці ў Царкве. Саборнасць Царквы і ёсць сапраўдная праблема. Такая праблема існуе нават унутры Рускай Праваслаўнай Царквы. І, вядома ж, паміж РПЦ і РПЦЗ. Але паколькі «яны» «там», а «мы», «тут», то здалёк можна было б стварыць ілюзію саборай еднасці, жывучы, па сутнасці, кожны сваім жыццём і выпадкова маючы еўхарыстычныя стасункі ў гасцях. Але высветлілася, што «яны» ёсць і «тут», што не дазваляе заплюшчыць вачэй на рэчаіснасць.

Дапусцім, адбылося нават не аб'яднанне, а проста ўзнаўленне еўхарыстычных стасункаў. І як гэта быдзе выглядаць практычна? Возьмем да прыкладу сітуацыю з адзіным клірыкам РПЦЗ у Беларусі Леанідам Пляцам, які не так даўно выйшаў са скандалам з РПЦ і пазбаўлены сану за гэта. Цяпер Леанід Пляц – іерэй РПЦЗ. Дарэчы, даволі там аўтарытэтны. І што ж, ён зможа прыйсці паслужыць у храм Царквы, дзе ён пазбаўлены сану, г.зн. зусім і не іерэй. Гэта калі мясцовыя прыходы і клірыкі РПЦЗ застануцца ў «зарубежным» кіраванні. Праўда, у такім выпадку можнв, дапусцім, прыватна дамовіцца, што ён нікуды не прыдзе (хаця гэта зноў-такі выкрые ілюзорнасць таго, што адбываецца).

А калі кіраванне такімі прыходамі пяройдзе МП? Што рабіць з Пляцам? Зноў пазбаўляць яго сану? Ці ўзнаўляць у сане? Тады паўстае пытанне – за што пазбаўлялі раней? Ён жа, як быў, так і застаўся на старой пазіцыі і каяцца не збіраецца. Наадварот – з'яўляецца адным з актыўных прыхільнікаў аб'яднання і выступае з новымі і новымі абвінавачваннямі ў адрас МП. Як, напрыклад, у сваіх заўвагах напярэдадні Усезарубежнага сабору

Ну добра. Дапусцім, Леанід Пляц унікальна адыёзны і нешта кшталту выключэння. Ёсць там і «добрыя», цалкам лаяльна ў дадзены момант настроеныя да МП. Але зноў-такі... Многія з іх у свой час былі пазбаўленыя сану ў МП, пратэстуючы супраць «экуменізму» і «сергіянства». Узнаўляць іх у сане, патрабаваць ад іх пакаяння? Што рабіць? Слушна яны рабілі ці не? З гледзішча МП, няслушна – ніякай ерасі «экуменізму» ці «сергіянства» не існуе. З гледзішча РПЦЗ слушна – такія ерасі былі, але цяпер яны пераадоленыя. Так усё ж, «ці быў хлопчык»? Як бачым, проста «забыцца» нічога нельга. Праблемы застаюцца, усё кажа пра тое, што на самой справе іх ніхто не вырашыз, проста пайшлі па шляху «кампрамісу».

Такі шлях можа выклікаць новы раскол. Зрэшты, ён ужо ёсць. Апроч РПЦЗ(Л) ёсць РПЦЗ(В). Цяпер жа можна чакаць новага раздзялення ў РПЦЗ(Л). Навать мясцовыя епіскапы займаюць крыху розныя пазіцыі. Напрыклад, згаданы вышэй епіскап Яўціхій, як бачым, бадзёра наладжаны на аб'яднанне. Дарэчы, з ім жа таксама аналагічная сітуацыя. У свой час ён пакінуў РПЦ і перайшоў у РПЦЗ. Трэба меркаваць, не з блаславення мясцовага архіярэя. І пэўна ж былі да яго выкарыстаныя забароны. Аднак сёння ён лаяльны, а таму яго біяграфія нават размешчаная на Афіцыйным сайце МП Патриархия.Ру. Цікава звярнуць увагу, як там фармулюецца далікатны факт яго біяграфіі. «Восенню 1989 г. У складзе групы сібірскага духавенства ён звяртаецца ў Архіярэйскі Сінод Рускай Зарубежнай Царквы з просьбай пра прыняцце». І ўсё. Узяў, папрасіў, і прынялі.

Аднак не ўсе япіскапы РПЦЗ такія лаяльныя. Напрыклад, біяграфіі кіруючага прыходамі ва Ўкраіне і Беларусі епіскапа Адэскага і Таўрычаскага Агафангела фангела мы на Патриархии.Ру не знойдзем. Бо займае ён крыху іншую пазіцыю. Якая, праўда, нашмат памякчэла пасля сабору.

Але заўважым, што нягледзячы на «змякчэнне», працягваецца непрымірымае супрацьстаянне РПЦЗ і РПЦ у пас.Ружаны Брэсцкай вобласці. То бок аб'яднанне аб'яднаннем, а «тытунец паасобку».

Дарэчы, некаторыя лідэры «альтэрнатыўнага праваслаўя» ў Расеі маюць пэўныя віды на епіскапа Агафангела як на здольнага замяніцт хворага, састарэлага і адыходзячага ад справаў Валянціна Русанцова. Падобнага кшталту віды ёсць, між іншым, і на Леаніда Пляца, актыўнасць якога пакуль стрымліваецца кіраўніцтвам РПЦЗ. Ён, напрыклад, не быў дапушчаны на Ўсезарубежны сабор, хаця і быў туды абраны. Калі ён, пратэстуючы супраць аб'яднання, саспее да выхаду з РПЦЗ (яму не ўпершыню), то ён застанецца без «апякунства». І не ён, вядома, адзін. У выніку «аб'яднанне» можа спарадзіць больш актыўнае супрацьстаянне і новыя канфлікты, то бок зусім супрацьлеглае таму, што чакаецца.

святар Аляксандар Шрамко

Рубрыка: