МАНІТОРЫНГ СМІ: ГОЛАС РАДЗІМЫ: Ад Рэпак – у далёкі свет: Святар Мікалай Грынкевіч - беларускі місіянер на Алясцы ў канцы ХІХ ст.

 

Амаль кругасветнае падарожжа здзейсніў ураджэнец Рагачоўшчыны Мікалай Грынкевіч

На след нашага суайчынніка, сына праваслаўнага святара з Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні Сцяпана Фёдаравіча Грынкевіча, верагоднага сваяка маці вядомага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, мы, беларускія індзеяністы, натрапілі выпадкова, калі распрацоўвалі тэму “Беларусь і індзейцы”. Дарэчы, у Гомелі выдаецца бюлетэнь “Веснік БІТ”, які адлюстроўвае жыццё Беларуска-індзейскага таварыства.

Пералік беларусаў, звязаных з гісторыяй Аляскі, істотна папоўніўся нядаўна дзякуючы даведніку Андрэя Грынёва “Хто ёсць хто ў гісторыі Рускай Амерыкі”, выхад якога адбыўся летась. Вызначэнні з гэтага біяграфічнага слоўніка ўражваюць: “ураджэнец Віцебскай губерні”, “полацкі мешчанін”, “магілёўскі мешчанін”, “удзельны селянін Віцебскай губерні”, “хрысціўся ў Полацку” і г.д. А вам што-небудзь гавораць прозвішчы Баброўскі, Бобчанка, Дудараў, Іваноў, Каванскі, Кумачоў, Пагурскі, Пушкарэвіч, Таркулаў, Цімафееў, Шапіра, Яўсціфееў?.. Мяркую, сучасным стваральнікам генеалагічных дрэваў у Беларусі цікава будзе пашукаць сярод іх сваіх продкаў. А спіс “беларускіх аляскінцаў” працягвае папаўняцца.

У тагачаснай Паўночнай Амерыцы было шмат рабочага люду, паляўнічых, матросаў, прадаўцоў у крамах… Сярод іх святар Мікалай Грынкевіч, ён жа выкладчык духоўнай школы, дзе вучыліся і дзеці індзейцаў. Па ўзроўні адукацыі і рэальным маштабе асобы М.Грынкевіч, пэўна, другі сярод беларусаў Амерыкі “ў епархіі” пасля славутага доктара Руселя (Мікалая Судзілоўскага), які ў 1893-1902 гадах быў першым прэзідэнтам Гавайскай рэспублікі. З матэрыялу, што назапашваецца, вырысоўваецца цікавая постаць “вечнага падарожніка”, першай значнай паездкай якога быў, верагодна, прыезд на вучобу ў Гомельскае духоўнае вучылішча. Родныя браты Грынкевічы, Дзмітрый і Мікалай, нарадзіліся ў сяле Рэпкі адпаведна ў 1862 і 1864 гадах, разам вучыліся ў Магілёўскай духоўнай семінарыі і Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі. Калі Мікалай быў на чацвёртым курсе, па акадэміі ішла агітацыя за ўдзел у місіі новага епіскапа Алеуцкага і Аляскінскага. Кіраўніцтва акадэміі задаволіла жаданне “сапраўднага студэнта” Грынкевіча “прысвяціць сябе служэнню праваслаўнай царкве ў аддаленай Алеуцкай епархіі”, вызваліўшы ад канчатковага вуснага экзамену і адклаўшы прысваенне вучонай ступені кандыдата багаслоўя да прадстаўлення тэксту дысертацыі.

Вясной 1888-га група на чале з епіскапам Уладзімірам даплыла да Нью-Йорка. Адтуль цягніком дабралася да Сан-Францыска: там знаходзіўся цэнтр епархіі. І вось Аляска наблізілася да святара Мікалая ў выглядзе хлопчыкаў з ліку карэнных жыхароў, іншых аляскінцаў. Наш суайчыннік быў справаводам, казначэем духоўнай управы, настаяцелем царквы. Асяроддзе, у якім беларус М.Грынкевіч у 1888-92 гадах быў вядомы і як настаўнік “багаслоўскага вучылішча”, адлюстроўвае фотаздымак з калекцыі М.Вінакурава ў Бібліятэцы штата Аляска. На ім бачна: вакол епіскапа размяшчаюцца вучні з царкоўнымі служкамі, святарамі і іншымі асобамі, што іх апякалі. Школа была эксперыментальнай. У ёй сустракаліся ў якасці вучняў, настаўнікаў як рускія, украінцы, англасаксы, яўрэі і іншыя “белыя”, так і карэнныя жыхары Заходняга паўшар’я: індзейцы (атапаскі і тлінкіты), эскімосы, алеуты, а таксама метысы. Прыход складаўся таксама з выхадцаў з Сербіі, Чарнагорыі, Грэцыі, на велізарнай тэрыторыі епархіі з’яўляліся македонцы, румыны, балгары, праваслаўныя арабы...

Грынкевіч пазнаёміўся з многімі адметнымі людзь-мі, што прадстаўлялі гэтыя этнічны групы, “часта заходзіў” да рэвалюцыянера доктара Руселя. Не так яўна і сенсацыйна, як яго зямляк і цёзка, але і Грынкевіч пакінуў сваё імя ў “сацыяльнай гісторыі”, займаючыся і грамадска-дабрачыннай, і блізкай да навукі і архівістыкі дзейнасцю клерка-арганізатара. У 1893 годзе ён быў накіраваны на тры месяцы ў Чыкага на Сусветную выставу з нагоды 400-годдзя адкрыцця Новага свету, дзе збіраў ахвяраванні і служыў, адным з першых святароў, у мясцовай царкве. А перад тым актыўна ўдзельнічаў у дапамозе ахвярам неў-раджаю 1891–1892 гадоў ў Расіі.

У 1896-м Мікалай Грынкевіч, ужо ў чыне протаіерэя, вярнуўся ў Расію. Тады ж быў зацверджаны ў ступені кандыдата багаслоўя за працу “Законы Паўночна-Амерыканскіх Злучаных Штатаў аб заключэнні і скасаванні шлюбу ў параўнанні з рускім царкоўна-грамадзянскім заканадаўствам аб шлюбе і разводзе”, якая атрымала станоўчы водгук у акадэміі. На мяжы стагоддзяў кіраваў Арэнбургскім духоўным вучылішчам, потым служыў у Тульскай губерні.

Апошняя вядомая пасада айца Мікалая — законавучыцель Ташкенцкага кадэцкага корпуса. Што здарылася з ім, яго жонкай — дачкой аляскінскага місіянера — і дзецьмі пасля рэвалюцыі, застаецца загадкай. Корпус пасля кастрычніцкіх падзей 1917 года вымушаны быў эвакуіравацца ў Іркуцк. Можа, “рэпкаўскі багамолец” спрабаваў дабрацца да брата, што працаваў настаўнікам арыфметыкі і геаграфіі ў Благавешчанскім духоўным вучылішчы на Амуры?

Мяркую, калі б Ула-дзімір Караткевіч ведаў пра жыццёвы шлях свайго больш чым верагоднага, але “забытага” сваяка, то, магчыма, напісаў бы пра яго аповесць.

 

Газета «Голас Радзімы», №.4 (3172), чацвер, 4 лютага, 2010

Сімакоў Алесь