МАНІТОРЫНГ СМІ: WESTKI.INFO: Улады паставілі Цэрквы перад сур’ёзным маральным выбарам

 

Леанід Гуляка, які займае пасаду ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей 26 студзеня падчас нарады звярнуў увагу падначаленых на парушэнне Цэрквамі беларускага заканадаўства.

 

Гуляка абвінаваціў асобныя каталіцкія і пратэстанцкія абшчыны ў “незаконнай палітычнай дзейнасці” (А дзе яна, тая дзейнасць? Вы бачылі калі-небудзь, каб які небудзь ксёндз ці пастар збіраў подпісы або агітаваў за каго з кандыдатаў?). Звярнуў чыноўнік увагу і на “доўгабуды” і “маруднае асваенне зямельных участкаў”. Назваў незаконнай устаноўку помнікаў Яну Паўлу ІІ каля беларускіх касцёлаў.

 

Спадар Гуляка суправадзіў гэтыя заявы заклікам да чыноўнікаў “звярнуць увагу” і “ўзмацніць працу па папярэджанні парушэнняў заканадаўства”. Той, хто хоць крыху сочыць за падзеямі ў краіне, зразумее, што звычайна стаіць за падобнымі словымі.

 

Падобна на тое, што вышэйзгаданая заява з’яўляецца празрыстым намёкам, скіраваным як да чыноўнікаў, так і да царкоўных іерархаў. Першым Гуляка рэкамендуе ўзяцца за “закручванне гаек”, другім – “не рыпацца”, каб не трапіць пад ціск. Каталікам чыноўнік намякнуў на балючыя пытанні - візы для польскіх ксяндзоў ды пляцоўкі пад будоўлю касцёлаў.

 

Наўрад ці зменіцца сама сутнасць палітыкі рэжыму ў адносінах да хрысціянскіх супольнасцяў. Лаяльным па-ранейшаму будуць даваць прэміі “за духоўнае адраджэнне”, грошы на роспіс храмаў і пазалоту алтароў. “Нелаяльных” будуць шантажаваць, выкідаць за межы краіны, адбіраць будынкі ды не даваць рэгістрацыі. Але ўвага ўладаў да рэлігійнай сферы, праўдападобна, стане яшчэ большай, а свабоды для Цэркваў будзе меней.

 

Улада паставіла Цэрквы перад сур’ёзным маральным выбарам. Калі не даваць маральную ацэнку падзеям, якія адбываюцца ў дзяржаве і грамадстве, ды не заступацца за тых, каго пераследуе ўлада, то можна спакойна жыць. Калі ж заняць цвёрдую пазіцыю і пайсці шляхам старазапаветных прарокаў ды тысячаў хрысціянскіх святых, то праблем з уладамі не пазбегнуць.

 

Першы шлях прываблівае кіраўніцтва Цэркваў сваёй лёгкасцю. Можна спакойна будаваць храмы, марыць пра падпісанне канкардату ды не баяцца, што цябе аштрафуюць ці выганяць з краіны. Але ці патрэбныя тыя храмы, калі там святары будуць прапаведваць законы Божыя, а самі жыць па законах “гэтага веку”? Ці патрэбны гэты ілюзорны "спакой", калі дзеля яго Цэрквы адмаўляюцца называць чорнае чорным, а белае белым, ды не ўздымаюць свой голас за тых, хто пакрыўджаны моцнымі гэтага свету? Ці патрэбныя такія адносіны з уладамі – калі з-за іх Цэрквы будуць губляць аўтарытэт у вачах грамадства, а святары і епіскапы – павагу вернікаў?

 

Другі шлях гарантуе праблемы з уладамі і рэпрэсіі супраць Цэркваў. Некаторыя ксяндзы ў каментарах на нашым сайце назвалі яго “прорвай для Царквы”. Але затое Царква, якая не баіцца бізуна і не чакае перніка ад дыктатара, стане маральным аўтарытэтам для ўсяго грамадства. Быць гнаным, вядома, нялёгка. Але, казаў Ісус, “блаженны изгнанные за правду, ибо их есть Царство Небесное” (Мацвея, 5:10).

 

“Широки врата и пространен путь, ведущие в погибель, и многие идут ими; потому что тесны врата и узок путь, ведущие в жизнь, и немногие находят их”, - казаў Ісус (Мацвея, 7:13-14). Сённяшнія падзеі павінны прымусіць кожнага хрысціяніна - як простых вернікаў, так і іерархаў - паставіць перад сабой пытанне: ці тым шляхам я іду праз гэтую сітуацыю?

 

 

Рубрыка: