МАНІТОРЫНГ СМІ: РАДЫЁ СВАБОДА: Васілевіч: «Царква мусіць выбраць між камфортам і Божым шляхам»

Сёньня Аляксандар Лукашэнка, прымаючы ў Менску амбасадара Сувэрэннага мальтыйскага ордэну Паўля Фрыдрыха фон Фурхера, заявіў, што каталіцкая царква недапрацоўвае ў наладжваньні адносінаў паміж Беларусьсю і Заходняй Эўропай. Чаму беларуская ўлада ўжо ня першы раз спрабуе зрабіць Ватыкан пасярэднікам у сваіх адносінах з эўрапейскімі сьвецкімі ўладамі? На што разьлічвае Лукашэнка? Як павінны ставіцца рэлігійныя канфэсіі да таго, што адбываецца ў Беларусі? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг, рэдактар інтэрнэт-парталу «Царква» Наталка Васілевіч.

— Чаму Лукашэнка выбірае Ватыкан на ролю пасярэдніка ў адносінах з палітычнымі ўладамі эўрапейскіх краінаў? Чаму ён лічыць, што Ватыкан можа падыходзіць на гэтую ролю?

— На мой погляд, Лукашэнка часам паводзіць сябе так , быццам бы беларускія каталікі — гэта не грамадзяне Беларусі, а грамадзяне дзяржавы Ватыкан. І быццам бы ён робіць каталікам вялікую ласку — храмы дзейнічаюць, сьвятары служаць, віншаваньні на сьвяты дасылаюцца, з герархамі сустракаецца. І Лукашэнка ўжо ня першы раз выказвае сваю фрустрацыю ад таго, што каталіцкая царква не абараняе ягоныя інтарэсы.

На думку Лукашэнкі, сваю частку нейкай гіпатэтычнай дамовы пра супрацоўніцтва ён выконвае, і таму чакае нейкіх крокаў у адказ ад каталіцкай царквы. Магчыма, справа ў тым, што Лукашэнка не зусім адэкватна ацэньвае магчымасьці Касьцёлу і ягоную ролю ў Эўропе. Ён проста ня бачыць, што ў іншых краінах Эўропы дзяржава аказвае каталіцкай царкве ласку нашмат большую, чым нават абяцае беларуская дзяржава.

А ў Беларусі — зацягваньне падпісаньня канкардату, пустыя словы пра запрашэньне папы, маніпуляцыя відавым пытаньнем, непрыняцьце да ўвагі сацыяльнай пазыцыі каталіцкай царквы, пастаянныя прэтэнзіі. Няўжо з-за гэта Ватыкан мусіць быць удзячны, і стане абараняць таго, хто дабіваецца гэтага ня шляхам шчырага дыялёгу, а шляхам маніпуляцыі і пагроз? З пагрозамі можна перабраць, і ёсьць рызыка, што замест абароны інтарэсаў беларускі рэжым атрымае нешта зусім адваротнае.

— Вечнае пытаньне, але ўсё ж варта яго задаць з улікам канкрэтных беларускіх абставінаў. Ці павінны праваслаўная і каталіцкая цэрквы ў Беларусі больш актыўна выказвацца наконт таго, што адбываецца ў краіне? Ці ёсьць у іх магчымасьць рабіць гэта? Ці яны тут робяць недастаткова, як пра гэта часам гавораць людзі, якія лічаць, што царква павінна была б больш актыўна ўздымаць свой голас?

— Мне здаецца, што царкве патрэбна ў першую чаргу вызначыцца з прыярытэтамі. Вызначыцца з тым, што важней — камфорт і бясьпека сьвятароў, адсутнасьць праблемаў у адносінах з уладай, альбо важней сьведчыць ісьціну, ісьці Божым шляхам, адстойваць тое, у што верыш. І гэта тычыцца ня толькі асобнага чалавечага жыцьця, але і жыцьця ўсяго грамадзтва.

Натуральна, я не магу цэрквам даваць парады, але мне здаецца, што царква павінна быць на баку праўды, а не на баку сілы. І верыць слову Божаму, а не гарантыям зямных уладароў, якія ўся роўна падмануць, і нічога без царквы зрабіць ня могуць. Безумоўна, гэта пытаньне вечнае, але прыярытэт каштоўнасьцяў павінен быць даволі дакладны.

Радыё Свабода. - Бліц-аналіз. - 09.04.2012 г.

Віталь Цыганкоў

Рубрыка: