МАНІТОРЫНГ СМІ: Народная Воля: Хто першы парушыць цішыню — КДБ ці Касцёл?

Cправа ксяндза Уладзіслава Лазара мае ўсе шанцы трапіць у шэраг самых гучных за апошнія дваццаць гадоў. Пра арышт беларускі КДБ ксяндза пішуць сусветныя СМI. Яно і не дзіўна: “ксяндзы-шпіёны” — гэта нейкі прывід сталінскіх часоў, які раптам паўстаў з магілы.

У мінулым нумары “Народнай Волі” паведамлялася аб тым, што ксёндз Уладзіслаў Лазар пасля таго, як атрымаў адукацыю за мяжой, працаваў у Мінску. З 2007 года — у Мар’інай Горцы, сёлета, з 14 красавіка, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч перавёў яго служыць у Барысаў. Прычым у Барысаве ксяндзу трэба было, як і ў Мар’інай Горцы, усё пачынаць з нуля і нават у горшых умовах. У Мар’інай Горцы ён будаваў касцёл на месцы былой электрастанцыі (па сутнасці, кацельнай), а ў Барысаве яго чакаў звычайны гараж нават без падмурку. Сябры святара дапамаглі яму расчысціць тэрыторыю ад хмызняку і смецця, але да будаўніцтва справа так і не дайшла, бо ў чэрвені Уладзіслава Лазара арыштавалі. Дагэтуль не вядома, дзе, як і пры якіх абставінах гэта адбылося. Хаця ў размовах карэспандэнта “Народнай Волі” з вернікамі раптам высветлілася, што для іх гэтае пытанне не мае ніякага значэння. Усе, як адзін, казалі, што айцец Уладзіслаў не можа быць ні шпіёнам, ні здраднікам, ні агентам.

Не так часта ў журналісцкай практыцы можна пачуць пра аднаго чалавека столькі цёплых слоў, прычым ад вялікай колькасці суразмоўцаў. Асоба Уладзіслава Лазара выклікае столькі павагі і гонару за тое, што ў краіне усё-такі ёсць адданыя сваёй справе людзі, што я пайшла ў Архікафедральны касцёл Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі, дзе некалі працаваў святар Уладзіслаў, каб замовіць імшу за ягонае здароўе. Зайшла ў захрустую, назвала імя таго, за каго прашу маліцца. У адказ мне паказалі журнал, дзе ўжо некалькі лістоў спісаны гэтым самым імем. Прычым людзі ідуць і ідуць, імшу замаўляюць не толькі за сябе ці сваіх блізкіх, а і за чужога чалавека, часта нават невядомага ім святара.

Самае дзіўнае, што і КДБ, і Касцёл дагэтуль маўчаць — ніводнага каментарыя. Дагэтуль не вядома нават, у якім статусе трымаюць святара — падазронага ці абвінавачанага. Не названы і артыкул Крымінальнага кодэкса, які, на думку следчых, парушыў святар. І паколькі няма ніякай афіцыйнай інфармацыі, распаўзаюцца чуткі. Хтосьці камусьці “дакладна паведаміў”, што 1 жніўня Уладзіслава Лазара ўжо будуць судзіць. Карэспандэнту “Народнай Волі” давялося наведаць суд Цэнтральнага раёна, Вярхоўны суд, Дом правасуддзя, каб пераканацца, што справа ксяндза Уладзіслава туды не паступала.

Тым часам яна набірае розгалас. У інтэрнэце пачаўся збор подпісаў з патрабаваннем адпусціць Уладзіслава Лазара хаця б пад падпіску аб нявыездзе. Адначасова ідзе збор подпісаў пад зваротам да мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча з заклікам не маўчаць.

Таксама ў інтэрнэце людзі абмяркоўваюць, навошта беларускія ўлады арыштавалі каталіцкага святара. Прычым большасць удзельнікаў дыскусіі бачаць у гэтым палітычны сэнс.

Цяпер ужо цяжка сказаць, якая была першапачатковая мэта ініцыятараў узбуджэння крымінальнай справы супраць святара, які апрыёры не мае ніякага доступу да дзяржаўных сакрэтаў. Але відавочна, што па-ціхаму давесці гэтую справу да суда ўжо не атрымаецца.

Народная Воля

Любоў Лунёва

Рубрыка: