Пасланне да Ражджаства Хрыстовага Мітрапаліта Філарэта, ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі

 

Узлюбленыя архіпастыры, пастыры, манахі і ўсе верныя дзеці Беларускай Праваслаўнай Царквы!

Хрыстос нарадзіўся! — Бог уцялесніўся!

Вітаю вас гэтым святочным воклічам, у якім мы выказваем нашу радасць сустрэчы з Богам і надзею на перамяненне ўсяго нашага жыцця ў Хрысце!

Бог — гэта любоў (1 Ін. 4: 16). Магчыма, гэта самыя каштоўныя словы Святога Евангелля. Праз іх мы пазнаём пра адносіны Бога Айца, Сына і Святога Духа, а таксама і пра тое, што гэтая спрадвечная любоў неабыякавая да нас, людзей, якія жывуць на зямлі.

Кожны з нас укладае ў паняцце «любоў» свой сэнс. Ёсць сярод нас і тыя, каго жыццёвыя абставіны паставілі на мяжу расчаравання ў гэтым высокім пачуцці. 

Але вось сёння ў яслях перад намі ляжыць Богадзіця Хрыстос. Услед за евангелістам Іаанам нашы здзіўленыя сэрцы шэпчуць: І Слова стала плоццю, і жыло сярод нас, поўнае благадаці і ісціны (Ін. 1: 14).

Гэтае здзіўленне нараджае ўзнёслае славаслоўе: Слава ў вышніх Богу, і на зямлі мір, у людзях добрая воля (Лк. 2: 14)! Гасподзь, Які дзве тысячы гадоў назад змясціўся ў Віфлеемскіх яслях, цяпер нараджаецца ў нашых сэрцах. І тады ўслед за здзіўленнем і захапленнем да нас сыходзіць упэўненасць у тым, што любоў існуе, таму што вось Ён, уцялеснены Бог, вось яна перад намі, любоў, пра якую апостал Павел кажа: сукупнасць дасканаласці (Кал. 3: 14). Яна старэйшая і глыбейшая за нашы пераменлівыя пачуцці. Яна бачыць і ведае нашы слабасці і нашу сілу, нашы грахі і імкненне да святасці. Любоў доўгацярплівая, міласэрная, любоў не зайздросціць, любоў не ўзвышае сябе, не ганарыцца, — кажа апостал Павел. І далей ён працягвае сваё ўзвышанае сведчанне: яна не радуецца няпраўдзе, а радуецца ісціне; усё пакрывае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё пераносіць. Любоў ніколі не перастае (1 Кар. 13: 4-8).

Гімн любові, заспяваны некалі апосталам Паўлам, дагэтуль гучыць у Царкве. У ёй, як і ў яе Заснавальніку, Іісусе Хрысце, злучаны два пачаткі: Божы і чалавечы. Мы прыносім у Царкву чалавечыя чаканні, боль і надзеі. І ў той меры, у якой гэтае прынашэнне здзяйсняецца з верай, ад усёй душы, Гасподзь напаўняе нас Сваёй любоўю, Самім Сабой. 

Узлюбленыя браты і сёстры! Сёння мы святкуем Ражджаство Хрыстова, святое Богаўцялесненне. Яно здзейснілася дзеля нас з вамі. Каб мы змянілі смутак на радасць. 

Зазірнем унутр уласнай душы. Ацэнім свае думкі, пачуцці, усе свае схільнасці перад абліччам Вечнага Жыцця, яўленага сёння ў Богадзіцяці. Калі мы ўгледзімся ў евангельскія падзеі, то ўбачым, што ў Віфлеем з розных бакоў імкнуцца людзі. З аднаго боку, гэта вешчуны і пастухі, паслухмяныя волі Божай. З іншага боку, гэта пасланнікі Ірада, які вырашыў знішчыць Віфлеемскіх немаўлят. Прастата і мудрасць адных. Страх і прагнасць другіх. 

Памышленні нашага розуму, падобна да людзей, апісаных у Евангеллі, раздзяляюцца перад абліччам Божым. Здолеем жа ў гэтыя святочныя дні ўстаць на бок мудрасці і прастаты. Прымірымся з бліжнімі, адкінем грахоўныя звычкі, адступім хоць бы на час ад жыццёвай мітусні, каб азарыцца святлом Віфлеемскай зоркі і сагрэцца дыханнем уцялесненага Бога. 

У надыходзячым годзе мы будзем святкаваць 700-годдзе з дня нараджэння вялікага ўгодніка Божага — прападобнага Сергія Раданежскага. Заснаваўшы манашаскую абіцель у імя Прасвятой Троіцы, ён усю зямлю Святой Русі прысвяціў Ёй. Спрадвечная любоў Айца, Сына і Святога Духа стала дзейснай сілай, якая праз духоўныя намаганні прападобнага Сергія ацаляла душы суайчыннікаў. 

У 2014 годзе Беларуская Праваслаўная Царква будзе ўрачыста адзначаць 30-годдзе ўстанаўлення Сабору Беларускіх святых. Нашы святыя на працягу ўжо многіх стагоддзяў яўляюць нам узор духоўнага ўзыходжання, да якога пакліканы і кожны з нас: абнавіцца духам і апрануцца ў новага чалавека, створанага па Богу, у праведнасці і святасці ісціны   (Эф. 4: 23-24).

 

Калядны перыяд — гэта заўсёды добрая нагода для выказвання шчырых сямейных пачуццяў. Дай Божа, дарагія браты і сёстры, каб мы сталі ў гэтыя дні дабрэйшымі адзін да аднаго. 

Вітаю ў гэтыя дні братоў і сясцёр, якія знаходзяцца цяпер за межамі Айчыны. Дай Божа кожнаму з вас адчуваць цяпло сямейнага ачага. Усім, хто ў гэтыя дні знаходзіцца ўдалечыні ад сваіх блізкіх і родных, нагадваю словы Гасподнія: Дух дыхае, дзе хоча (Ін. 3: 8). Мы можам заклікаць Яго ў любым месцы і ў любы час. Бог стаў чалавекам, каб чалавек стаў богам. Менавіта Дух усынаўляе нас Нябеснаму Айцу. А гэта значыць, што кожны чалавек можа ўвайсці ў адзінства Святой Троіцы, па вобразу Якой мы створаны.

Са святам, дарагія браты і сёстры, з Ражджаством Хрыстовым!

Мітрапаліт Філарэт,

ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі

 

Пресс-служба Минской епархии

Рубрыка: