На Міжнародным Кангрэсе даследнікаў Беларусі адбылася секцыя "Святыя ў беларускай гісторыі і сучаснасці: асобы, месцы, тэксты, супольнасць"

Чацвёрты Міжнародны Кангрэс даследнікаў Беларусі прайшоў у Каўнасе 3-5 кастрычніка 2014 г. Навукоўцы, даследнікі, багасловы, журналісты з 6-ці краін прадставілі на міждысцыплінарнай і міжканфесійнай секцыі: “Святыя ў беларускай гісторыі і сучаснасці: асобы, месцы, тэксты, супольнасць”.

Усяго прагучаў 21 даклад па наступных тэматычных блоках, якія былі аб’яднаныя ў панэлі:

  • Першыя беларускія святыя: вобразы і лёсы;
  • Святыя: духоўнае і нацыянальнае вымярэнне
  • Ікона і культ
  • Эпоха канфесіяналізацыі: няскончаная палеміка
  • Святыя: разнастайнасць традыцый і рэлігій

Народнае ўшанаванне і царкоўнае прызнанне святых — гэта дынамічны працэс, які з’яўляецца не толькі праявай рэлігійнай пабожнасці, аднак і выражэннем пэўнай ідэалогіі і ідэнтычнасці — лакальнай, нацыянальнай, рэгіянальнай і нават палітычнай. Святыя — гэта рэферэнтныя для супольнасці асобы, якія вызначаюць узор жыцця і дзейнасці ў супольнасці, яе каштоўнасці, ідэі, задаюць ацэнку гістарычным падзеям.

Як і планавалася, дакладчыкі засяродзіліся на метадалогіі агіяграфічных штудыяў; даследаваннях як уласна беларускіх святых — ужо кананізаваных і яшчэ не кананізаваных, так і вобразах святых, якія адыгрываюць ролю важных для беларускай культуры персанажаў, своеасаблівасцяў іх асваення; агіяграфічных тэкстаў як у форме жыційнай літаратуры, так і ў форме літаратуры летапіснай і мастацкай; сувязі шанавання тых ці іншых гістарычных ці міфалагічных персанажаў з пэўнымі ідэямі; канфесійных і рэгіянальных інтэрпрэтацыях асобаў і іх гістарычнай ролі, крыніцаў патэнцыйных канфліктаў; канфесійнай агіяграфічнай палітыцы; ролі святых у фармаванні і падтрыманні супольнасці і яе ідэнтычнасці.

Каарданатарамі секцыі выступілі дырэктар Цэнтра “Экумена” Наталля Васілевіч і Наталля Кутузава, супрацоўніца Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Сярод дакладчыкаў: Наталля Васілевіч, Галіна Лабоха, Віктар Адзіночанка, святар Сяргей Стасевіч, Андрэй Мельнікаў, Таццяна Кароткая, Іван Асташчук, Алена Матушак, Павел Котаў, Аксана Шырко, Наталля Русецкая, Дзмітры Шыла, Анастасія Скеп’ян, святар Уладзімір Камінскі, святар Аляксандр Шрамко, святар Андрэй Крот, Наталля Кутузава, Наталля Гарковіч, Віктар Шукеловіч, Дзяніс Брылёў, Кацярына Агеенкава. Госцем секцыі быў кіраўнік камісіі па кананізацыі Літоўскай епархіі архімандрыт Антоній (Гурыновіч).

З поўнай праграмай секцыі можна азнаёміцца тут (pdf).

Даклады, якія прагучалі на секцыі, будуць апублікаваныя.

Рубрыка: