У Маскоўскім судзе другі раз запар судзяць адміністратара пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё”

У Маскоўскім судзе другі раз запар судзяць адміністратара пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё” Васіля Юрэвіча. Яго абвінавачваюць у правядзеньні набажэнства, на якое не было дазволу ўладаў. Вернікі абураныя дзеяньнямі ўладаў, якія не дазваляюць ім зьбірацца разам, каб паслухаць прамову пастара. Царкве пагражае ліквідацыя. Ужо зачынілі дзьве пратэстанцкія суполкі — кальвіністаў, пастар якой — Леанід Ліпень, і “Беларускую эвангельскую царкву”, дзе пастарам Эрнэст Сабіла.

Васіль Юрэвіч прыйшоў 5 кастрычніка на суд разам з двума дзясяткамі вернікаў. Спадара Юрэвіча абвінавачваюць у правядзеньні набажэнства 4 верасьня — менавіта ў той дзень вернікі чакалі ля будынку царквы старшыню Менгарвыканкаму Міхаіла Паўлава. Яны запрашалі яго да сябе, каб вырашыць пытаньне наконт царкоўнага будынку.

Нагадаем, вернікі ў 2002 годзе набылі ва ўласнасьць былы калгасны кароўнік на ўскрайку Менску. Там цяпер і адбываюцца набажэнствы. Гарадзкія ўлады спачатку пазбавілі вернікаў зямельнага надзелу, а цяпер пераводзяць будынак з прыватнай у дзяржаўную маёмасьць.

Сёньня судзьдзя Надзея Рэўцкая дапытала Васіля Юрэвіча. А вось складальнікі пратаколу на суд не прыйшлі. Наагул, высьветлілася, што пратакол складаўся адным чалавекам у будынку міліцыі, а рапартаў супрацоўнікаў міліцыі, якія б зафіксавалі склад правапарушэньня, няма. Васіль Юрэвіч упэўнены, што самі міліцыянты не ініцыявалі адміністрацыйнай справы. Ён лічыць, што яны выконваюць загад.

(Юрэвіч: ) “Цяпер зразумела, што гэтая справа ёсьць загадам зьверху. Гэта ў кантэксьце тэндэнцыі ў адносінах да рэлігійных меншасьцяў. Калі я запытваў у судзьдзі, ці ёсьць на мяне ў справе рапарты інспэктараў, якія б канстатавалі факт правапарушэньня, то яна адказала, што іх няма, а ёсьць толькі пратакол, напісаны супрацоўніцай міліцыі Тацянай Дэкан. Міліцыянты нават не паклапаціліся, каб захаваць працэдуру складаньня пратаколаў. У іншай справе за такія пратаколы міліцыянтаў пазбавілі б прэміі”.

Далейшае судовае разьбіраньне прызначана на 7 кастрычніка. Вернікі царквы “Новае жыцьцё” паведамілі Радыё Свабода, што да пачатку новага паседжаньня пададуць скаргу ў пракуратуру на дзеяньні міліцыянтаў.

Паводле двух папярэдніх прысудаў Васіль Юрэвіч мусіць заплаціць дзяржаве каля 4000 даляраў за тое, што вернікі зьбіраліся на набажэнствы.

Крыніца:

Радыё Свабода

Рубрыка: