25 тыс. — за змены ў закон аб веравызнанні

Незалежная газета "Наша ніва" паведамляе са спасылкай на Радыё Рацыя, што на дадзены момант за ініцыяванне зменаў у рэпрэсіўны Закон аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях сабрана больш за 25 тыс. подпісаў у межах кампаніі "За свабоду веравызнання".

Плануецца, што пасля таго, як будзе сабраная неабходная колькасць подпісаў, яны будуць перададзеныя ў шэраг дзяржаўных установаў.

Закон аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях быў прыняты ў 2002 г., і ягонае прыняцце было звязанае з жорсткімі грамадскімі дэбатамі. Закон падтрымалі Беларуская Праваслаўная Царква і Каталіцкі Касцёл Беларусі, якім паводле Закону было адведзенае пераважнае месца, разам з лютэранскай царквой, юдаізмам і ісламам. Найбольшаму пераследу на падставе новага закону падвергліся беларускія неапратэстанты, якія, галоўным чынам і ініцыявалі збор подпісаў і грамадскую акцыю. Іх падтрымлівае таксама арганізацыйны камітэт Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, а таксама шэраг няўрадавых арганізацый і рэлігійных дзеячаў. Адзін з іх, святар Аляксандр Шрамко, 15 траўня быў забаронены ў служэнні за ўдзел у прэс-канферэнцыі "Абарона правоў на свабоду сумлення", якая тычылася рэпрэсіўнага характару закону.

Беларуская Праваслаўная Царква выступіла з афіцыйнай заявай аб патрымцы Закону і заклікала ўсіх праваслаўных устрымацца ад удзелу ў кампаніі. Сярод пратэстанціх цэркваў супраць кампаніі выступіла царква "Каўчэг", кіраўніцтва якой звязвае пераследы, якім падвяргаюцца хрысціяне ў Беларусі, вынікам іх палітычнай і грамадскай актыўнасці.

Крыніца:

ЦАРКВА

Рубрыка: