У Нацыянальнай бібліятэцы адкрылася выстава "Асветнік з роду Астрожскіх"

28 лютага 2008 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі падчас мерапрыемстваў, прысвечаных 400-годдзю памяці палітычнага і культурнага дзеяча ВКЛ князя К.К. Астрожскага і 430-годдзю заснавання астрожскай друкарні, прайшло адкрыццё кніжнай выстаўкі «Асветнік з роду Астрожскіх».

Сярод кніжных помнікаў выстаўкі асобнае месца займае Астрожская Біблія, выдадзеная ў друкарні князя К.К. Астрожскага. Астрожская Біблія – гэта першы і лепшы для таго часу варыянт перакладу біблейскіх тэкстаў на царкоўнаславянскую мову. Князь Астрожскі прыклаў велізарныя намаганні для таго, каб зрабіць тэкст Бібліі агульнадаступным, захоўваючы пры гэтым максімальную набліжанасць да арыгінальнага тэксту.

На выстаўцы прадстаўлены наступныя астрожскія выданні: “О единой истинной и православной вере...”(1588), “Лекарство на оспалый умысл человечий” (1607), “Апокрисис”(1597), “Маргарит”(1595), “Псалтирь свосследованием (1598). Сярод старадрукаваных выданняў на выстаўцы ёсць выданні найбуйнейшых украінскіх цэнтраў кнігадрукавання: Львова, Кіева і Чарнігава.

Заслугі К.К. Астрожскага і сёння шануюцца ўдзячнымі спадчыннікамі. У Польшчы заснаваны фонд імя князя Канстанціна Астрожскага. За значны ўклад у справу нацыянальнага і духоўнага Адраджэння медалём і ганаровай прэміяй імя Канстанціна Астрожскага кожны год узнагароджваюцца царкоўныя праваслаўныя дзеячы.

Выстаўка “Асветнік з роду Астрожскіх” будзе працаваць да мая 2008 года.

Тэлефон для даведак: (8017)293-27-67; e-mail: pr@nlb.by

Крыніца:

партал НБ РБ

Рубрыка: