Купал-цыбуліна на даху былога дамініканскага касцёлу ў Клецку

Беларуская газета "Наша ніва" змясціла сёння матэрыял пра тое, што паводле ініцыятывы святара Матфея Белавуса на праваслаўным храме ў г.Клецку быў змешчаны купал-цыбіліна, што парушае, паводле меркавання дзеячаў культуры, архітэктурную цэласнасць помніка архітэктуры - былога касцёлу дамініканскага кляштару канца XVII ст.

Антон Астаповіч, старшыня ГА "Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры", паводле "Нашай нівы" нагадаў, што былы касцёл "з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю 1-й катэгорыі", і што паводле словаў грамадскага дзеяча, "Міністэрства культуры накіравала ў Клецкі райвыканкам афіцыйны ліст, у якім паведамлялася, што дзеянні а. Матфея пярэчаць заканадаўству".

Протаіярэй Матфей Белавус, благачынны Клецкага благачыння, паводле "Нашай нівы", кажа, што парушэння заканадаўства з яго боку не было: "У мяне ёсць неабходныя дакументы, фота і сведчанні таго, што купал на царкве быў раней".

Паводле даведніка "Приходы и монастыри БПЦ", прот. Матфей Белавус з'яўляецца благачынным Клецкага благачыння і настаяцелем двух Клецкіх храмаў - у гонар Уваскрасення Хрыстовага (2000), а таксама ў гонар Покрыва Прасвятай Багародзіцы (1887). Пра наяўнасць у Клецку праваслаўнага храма XVII ст. даведнік нічога не паведамляе.

Крыніца:

ЦАРКВА

Рубрыка: