Алесь Пушкін дамогся пакаяньня ад хуліганаў, якія яго зьбілі

15 лістапада вядомага мастака Алеся Пушкіна ў вёсцы Бобр Крупскага раёну цяжка зьбілі 5 мясцовых хуліганаў, сярод якіх быў навучэнец школы міліцыі Сяргей Шынкевіч. Разам з Пушкіным ад хуліганаў пацярпеў паэт Мікола Маладзік, які прыяжджаў да Алеся Пушкіна ў госьці. Прычынай агрэсіі стала беларуская мова.

Міліцыянты, якія прыехалі на званок Алеся Пушкіна, затрымалі хуліганаў, але Алесь Пушкін ня стаў пісаць заяву, каб супроць іх завялі крымінальную справу, а прапанаваў ім прыйсьці назаўтра ў мясцовую царкву і пакаяцца. Паводле Алеся Пушкіна, усе пяцёра, некаторыя з бацькамі, у нядзелю прыйшлі ў царкву вёскі Бобр і прынялі таінства пакаяньня.

“Пытаюцца, а што казаць на споведзі? Кажу, распавядайце, як білі мастака. Як грэх рабілі — неміласэрнасьць. Яны каяліся, крыж цалавалі. Потым я паехаў да начальніка раённай міліцыі падпалкоўніка Андрэя Рабовіча і напісаў заяву аб незавядзеньні крымінальнай справы. Хай за імі Бог далей глядзіць. Людзям па 18-21 год. Бязьлюдзьдзе, п’янства, пустыя хаты. Няўжо адправім 5 хлопцаў на казённы хлеб, будзем глядзець, як выміраюць нашы вёскі? Што няма ў нас муляраў, няма будаўнікоў, няма каму саджаць дрэвы? Таму лічу, давайце падумаем”.

Алесь Пушкін паведаміў “Свабодзе”, што два дні пасьля інцыдэнту ў яго трымалася высокая тэмпэратура.

Крыніца:

Наша Ніва

Рубрыка: