Прэзентацыя першага перакладу на беларускую мову Дакументаў II Ватыканскага Сабору

14 лютага 2009 г. а 14 гадзіне ў нацыянальным выставачным цэнтры «Белэкспа» адбылася прэзентацыя першага перакладу на беларускую мову Дакументаў Другога Ватыканскага Сабору, а таксама кнігі кс. прафесара Яна Гурскага «Сустрэча з рэлігіямі».

На прэзентацыі выступілі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ кс. Ян Крэміс, магістр тэалогіі Марына Пашук, ксёндз Ян Гурскі, доктар тэалогіі, прафесар, аўтар кнігі «Сустрэча з рэлігіямі», дырэктар выдавецтва «Pro Christo» Аліна Новікава, перакладчык кнігі «Сустрэча з рэлігіямі» на беларускую мову, рэдактар часопісаў «Ave Maria» і «Наша Вера» Крыстына Лялько.

Напачатку прэзентацыі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў значнасць дадзенай працы, а таксама падзякаваў усім супрацоўнікам Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ, намаганнямі якіх быў здзейснены пераклад на беларускую мову Дакументаў Другога Ватыканскага Сабору.

«Сёння адбываецца прэзентацыя доўгачаканага перакладу Дакументаў Другога Ватыканскага Сабору. Паглыбленне самасвядомасці Касцёла, аднаўленне яго жыцця, дыялог з хрысціянскімі канфесіямі і нехрысціянскімі рэлігіямі, дыялог з сусветам — вось асноўныя мэты Другога Ватыканскага Сабору. Сёння немагчыма ўявіць вучэнне Касцёла без дадзеных дакументаў. Асабліва хачу падкрэсліць, што пераклад на беларускую мову быў здзейснены не механічна, але творча. Існавала неабходнасць стварэння новай тэрміналогіі. Такім чынам, пераклад Дакументаў Другога Ватыканскага Сабору — гэта таксама значны ўклад Каталіцкага Касцёла ў нацыянальную беларускую культуру», — падкрэсліў арцыпастыр.

Мітрапаліт таксама дадаў, што экзэмпляры Дакументаў Другога Ватыканскага Сабору будуць падараваны Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь, абласным і раённым бібліятэкам, а таксама Беларускай Праваслаўнай Царкве.

Кажучы пра кнігу Яна Гурскага «Сустрэча з рэлігіямі» арцыбіскуп адзначыў, што «сённяшні чалавек жыве ў свеце глабалізацыі. Таму, каб весці дыялог з іншымі рэлігіямі, першапачаткова трэба ведаць пра іх саміх і іх вучэнне. Значным плюсам дадзенай кнігі з’яўляецца і тое, што яна змяшчае афіцыйнае вучэнне Каталіцкага Касцёла аб гэтых рэлігіях».

Напрыканцы свайго выступлення арцыбіскуп падзякаваў усім, хто прычыніўся да стварэння прадстаўленых выданняў.

Ксёндз Ян Крэміс у сваю чаргу выказаў спадзяванне на тое, што «знаёмства з Дакументамі Другога Ватыканскага Сабору паспрыяе разуменню місіі Касцёла ў грамадстве», і падзякаваў Мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу за ініцыятыву і падтрымку падчас працы над перакладам.

Магістр тэалогіі Марына Пашук, кажучы пра пэўныя цяжкасці працы над гэтым выданнем, адзначыла: «Пры выкарыстанні ў дакументах адпаведнай тэалагічнай тэрміналогіі Секцыя па перакладзе кіравалася прынятымі ў Каталіцкім Касцёле на Беларусі і зацверджанымі кампетэнтнай касцёльнай уладай тэрмінамі, якія выкарыстоўваюцца ў літургічных кнігах, дакументах Касцёла і ў перыядычных каталіцкіх выданнях, акрамя гэтага даводзілася перакладаць на родную мову новыя паняцці і ствараць новыя тэрміны».

Ксёндз прафесар Ян Гурскі выказаў радасць і ўдзячнасць за магчымасць убачыць сваю кнігу на беларускай мове. Асаблівым чынам ён падзякаваў перакладчыцы — спадарыне Крыстыне Лялько. Трэба адзначыць, што менавіта ў гэтай кнізе ўпершыню цытуюцца Дакументы Другога Ватыканскага Сабору на беларускай мове.

Пасля заканчэння прэзентацыі кожны меў магчымасць набыць пераклад Дакументаў Другога Ватыканскага Сабору, а таксама кнігу «Сустрэча з рэлігіямі» з подпісам аўтара.

 

Крыніца:

Прэс-служба Catholic.by

Рубрыка: