Паломніцтва копіі Турынскай Плашчаніцы пачалося ў Віцебскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі
У нядзелю, 20 чэрвеня, у касцёле Ісуса Міласэрнага ў Віцебску была выстаўленая для ўшанавання копія Турынскай Плашчаніцы. Урачыстае набажэнства ў дзень прыбыцця копіі святыні ўзначаліў біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін, паведамляе Catholic.by
Копія Плашчаніцы будзе знаходзіцца ў Віцебску цягам двух тыдняў, пасля чаго пачнецца яе паломніцтва па парафіях дыяцэзіі. У першую чаргу плануецца выставіць яе ва ўсходняй частцы дыяцэзіі, найбольш пацярпелай ад атэістычнай прапаганды. 4 – 8 ліпеня памаліцца перад копіяй святыняй змогуць вернікі Оршы. Паломніцтва копіі Плашчаніцы па Віцебскай дыяцэзіі працягнецца да восені.
Ксёндз Віктар Місевіч, пробашч парафіі Хрыста Валадара Сусвету ў Бягомлі, падкрэсліў у размове з журналістам “Царквы” выключнае значэнне паломніцтва копіі Плашчаніцы для рэлігійнага жыцця дыяцэзіі: “Найперш гэтая падзея мае духоўнае значэнне. Турынская Плашчаніца – гэта сведка Хрыстовага ўваскрасенне. Таму напэўна, Бог спасылае сваю ласку тым, хто будзе маліцца перад копіяй гэтай святыні”.
Турынская Плашчаніца – палатно, у якое было загорнутае цела Ісуса пасля Яго смерці на крыжы. У свеце існуюць сем поўнамаштабных копій святыні, адна з якіх належыць касцёлу святых Сымона і Алены ў Менску.
Фота Сяржука Серабро, news.vitebsk.cc



Крыніца:
Апошнія навіны
