Штодзённыя малітвы за палітвязняў у Віцебску

У Віцебску, родным горадзе вядомага палітвязня Паўла Севярынца, каля крыжа св. Еўфрасінні Полацкай на Успенскай гары, распачаліся малітвы аб палітычных вязнях. Пакуль такіх акцый прайшло дзве, але маці Паўла Таццяна Севярынец, якая каардынуе малітоўную акцыю, спадзяецца, што малітвы будуць адбывацца штодня а 8-й гадзіне вечара. Яна запрашае ўсех ахвотных далучацца.

Нагадаем, што пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і масавай акцыі 19 снежня ў Менску, вялікая колькасць дэмакратычных актывістаў была затрыманая і пакараная адміністратыўнымі арыштамі, а лідары дэмакратычнага руху былі асуджаныя на розныя тэрміны зняволення, умоўныя тэрміны ці "хімію".

Паводле дзеючага заканадаўства, любая рэлігійная дзейнасць - богаслужэнні, рэлігійныя абрады, рытуалы і цэрэмоніі, якія праводзяцца ў спецыяльна не прызначаных для гэтых мэтаў месцах пад адкрытым небам без адпаведнага рашэння кіраўніка мясцовага выканаўчага органа, з'яўляецца незаконнай, тым больш, калі яна ажыццяўляецца незарэгістраванай арганізацыяй. Аднак варта таксама адзначыць, што Паўлу Севярынцу, пакуль ён некалькі месяцаў знаходзіўся ў СІЗА КГБ так і не было дазволена сустрэцца са святаром, нягледзячы на тое, што гэта прадугледжваецца дзеючым заканадаўствам, існуючымі дамовамі паміж беларускай дзяржавай і БПЦ, і што кіраўніцтва Праваслаўнай Царквы ў асобе епіскапа Барысаўскага Веніяміна ўзяла на сябе абяцанне такой сустрэчы дабіцца.

Рубрыка: