Памёр 91-гадовы праваслаўны святар Георгій Сапун, аднаўляльнік спаленых партызанамі цэркваў

Вясковы святар неверагоднага лёсу, які некалі ўцёк са сталінскага лагера і аднавіў некалькі цэркваў, пайшоў з жыцця 13 снежня ў сваім доме ў вёсцы Пачапава Баранавічскага раёну, паведамляе INTEX-PRESS.

Нарадзіўся Георгій Сапун 29 лютага 1924 года ў в. Доры Валожынскага р-на ў сям'і святара Савы Іванавіча і Домны Антонаўны Сапун. Скончыў Навагрудскую настаўніцкую семінарыю.

Падчас вайны яго бацька служыў ля Навагрудка. Калі ў мястэчку адкрыліся пастырскія курсы, сын вырашыў працягваць справу бацькі. Навучаючыся, Георгій Сапун дапамагаў партызанам здабываць зброю. Але гэта не пашкодзіла ў 1944 годзе Савецкім уладам адправіць юнака ў сібірскія лагеры, на працу ў шахты. У 1947 годзе ён уцёк адтуль і на дахах цягнікоў, абмінаючы вялікія станцыі, дабіраўся дадому. Гасподзь уратаваў яго ў гады вайны і не дазволіў зноў вярнуцца ў лагернае пекла.

У 1947 годзе Георгій Сапун паступіў у Мінскую духоўную семінарыю, у 1954 пачаў служыць у Пачапава.

– Менавіта партызаны ў ваколіцах усе цэрквы ў вайну і папалілі: у Сваротве, Ятве, у нашым Пачапаве. Засталася толькі невялікая каплічка на мясцовых могілках, ды і тая напалову знішчаная. Жабы там жылі. Я ў ёй потым 50 гадоў адслужыў, каб грошы на новы храм у Пачапаве сабраць. І ў выніку пабудавалі! На рэштках старога. Столькі часу на гэта сышло, ажно страшна думаць, – згадваў пазней святар.

У пачатку 2000-х гг. уласнымі сродкамі і з дапамогай ахвярадаўцаў святар аднавіў дзве разбураныя цэрквы: Свята-Пакроўскую ў в. Пачапава і ўнікальную трохкутную Свята-Троіцкую ў в. Сваротва. З матушкай Ганнай пражыў у шлюбе больш за 60 гадоў. Выгадавалі трое дзяцей – дзвюх дачок і сына.

– І цяпер гляджу я на вас, юных, ды па-добраму зайздрошчу, бо вы самае галоўнае маеце – маладосць і магчымасці. Калі я маладым быў, то бачыў толькі пакуты і смерць: вайну, катаргу, галодныя пасляваенныя гады, бязбожнікаў-камуністаў, – з болем у голасе казаў састарэлы бацюшка журналістам у маі 2015 года. – Каб жыццё годна пражыць, трэба мець выхаванне, цярпенне і мужнасць. І Бога мець у сэрцы. А Бог – гэта любоў. А то многія з гэтым пачуццём разабрацца не могуць, нікога не любяць, а наракаюць на лёс. Важна, каб любоў нас не пакідала і была шчырай. Тады і чалавек шчаслівым будзе.

 

Конфессии: 
Страны: 
Рубрыка: