Адбылося развітанне з Нілам Гілевічам

1 красавіка ў Мінску адбылося развітанне з народным паэтам Беларусі Нілам Гілевічам. Некалькі тысяч чалавек прыйшлі на апошнюю сустрэчу з паэтам у Петра-Паўлаўскі сабор г. Мінска.

У час памінальнай службы да прысутных звярнуўся протаіерэй Сергій Гардун, клірык Свята-Духава кафедральнага сабора. «Мы сабраліся ў храме, каб памаліцца аб упакаенні душы чалавека, якога ведае кожны беларус яшчэ са школы. Памёр апошні народны паэт Беларусі. Але не толькі паэт, але і публіцыст, фалькларыст, літаратурны крытык. А яшчэ, што важна,  – грамадзянін, сапраўдны грамадзянін Беларусі. У асобе Ніла Сымонавіча мы бачым глыбокае, поўнае спалучэнне паэтычнага таленту, які ён прысвяціў сваёй зямлі, свайму народу, і вельмі глыбокай цвёрдай патрыятычнай пазіцыі, якую ён ніколі не хаваў, заўжды выказваў, адстойваў.

Сёння словы з паслання апостала Паўла заканчваюцца словамі «Усе з Госпадам будзем». Гэтымі словамі Царква выказвае надзею на тое, што мы ўсе хрысціяне… Канешне, жыццёвы шлях Ніла Сымонавіча, асабліва яго маладыя гады прайшлі ў неспрыяльны атэістычны час. Разам з тым мне даводзілася чуць ад людзей, якія яго асабіста ведалі, што часам ён вельмі пранікнёна гаварыў пра свае рэдкія наведванні храма, пра тое ўздзеянне, якое адчуваў ад малітвы, ад богаслужэння. І, канешне, вельмі важна, што ён як беларус, як сын свайго народа лічыў сябе непарыўна злучаным і з Праваслаўнай Царквою… Разумеючы, што Праваслаўная Царква, праваслаўная культура, праваслаўная свядомасць — гэта неад’емная частка беларускай, усходнеславянскай, нават і сусветнай культуры.

IMG_5393У жыцці Ніла Сымонавіча праявіліся мужнасць, адвага, сіла духа, якую мы як беларусы, як грамадзяне, таксама высока цэнім. Бо патрыятызм — гэта і ёсць любоў да бліжняга, пра якую нам кажа Евангелле, гэта і ёсць любоў да сваёй зямлі, да свайго народа, да сваёй мовы.

Канешне, нам усім сёння цяжка развітвацца з Нілам Сымонавічам. Але Царква словамі святога апостала Паўла нас заклікае не да плачу, а да малітвы. Таму што плач наш, слёзы — яны бездапаможныя. А вось калі наша любоў да чалавека, якога мы шануем, праяўляецца ў шчырай малітве, яаія да Госпада ўзыходзіць, то гэтую малітву Гасподзь прымае і ў адказ пасылае Сваю міласць.

Таму мне як свяшчэннаслужыцелю хацелася б усіх, хто шануе Ніла Сымонавіча, хто сапраўды любіць яго і ставіцца да яго з пашанай і павагай, заклікаць маліцца за яго, і не толькі сёння, а пастаянна. Будзем маліцца з вераю, што Гасподзь прыме бессмяротную душу Ніла Сымонавіча ў Нябеснае Царства. Царства Нябеснае і Вечная памяць!»

Спачуванні з нагоды спачыну Ніла Сымонавіча выказалі мітрапаліт Філарэт, Ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, і мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

«Шчырасць, спавядальнасць, грамадзянскасць вершаў Ніла Гілевіча зрабілі яго творчасць неад’емнай часткай беларускай культуры. Роля сапраўднага паэта блізкая да ролі прарока. Сваёй душой ён успрымае дух народа, яго спадзяванні, яго боль, падзяляе з ім трагізм яго лёсу. Такой была творчасць Ніла Гілевіча, пры тым, што заўсёды, нават у самыя цяжкія часы выпрабаванняў, ён заставаўся паэтам, закаханым у жыццё», — сказана ў спачуванні мітрапаліта Філарэта.

«Адыход з жыцця яркага і таленавітага мастака слова адгукнуўся болем у сэрцах беларусаў. Ніл Сымонавіч усё сваё жыццё і творчасць прысвяціў свайму народу і пакінуў для нашчадкаў каштоўны скарб. Яго шматлікія творы з’яўляюцца неад’емнай часткай беларускай культуры», — адзначаецца ў спачуванні мітрапаліта Паўла.

Народны паэт Ніл Гілевіч памёр 29 сакавіка на 85-м годзе жыцця і пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Мінску, побач з жонкай.

Крыніца: sppsobor.by

Рубрыка: