І дзе ж тады Царква?

 

І дзе ж тады Царква? Гэта было пытанне – складанае і экзістэнцыйнае – над якім мы разважалі з сябрамі падчас дыскусіі аб многіх праблемах, з якімі сёння сутыкаецца Царква па ўсім свеце. Тое, што мы ўключаныя ў Сіндэсмас, дае нам магчымасць сустракаць людзей з розных месцаў і рознага паходжання і чуць аб становішчы іх мясцовых супольнасцяў. І ад усіх, і адусюль ідзе адна і тая думка: Цела Хрыстовае хворае, у большасці членаў не атрымліваецца сведчанне любові і еднасці, як тое было запаведанае Іісусам Хрыстом.

Няхай вас не абурае гэтае сцвержданне. Мы, безумоўна, не перакладаем адказнасці на іншых. Як і ўсе іншыя хрысціяне, мы лічым сябе першымі з грэшнікаў, першымі, хто мусіць несці адказнасць за крызіс, і мы глядзім на наш грэх.

З самага свайго заснавання, Сіндэсмасу належыла вырашаць складаныя пытанні. І з самага пачатку актывісты Сіндэсмаса задавалі сабе пытанне: Як мы можам служыць Царкве ў яе сведчанні любові і еднасці? Характар дзейнасці Сіндэсмаса змяняецца цягам тых год у адпаведнасці з патрэбамі Царквы, але некаторыя галоўныя пытанні застаюцца, тая самая матывацыя натхняе і нас.

Часам людзі пытаюцца, хто мы такія, каб ставіць праблемныя для Царквы пытанні. Іншыя кажуць нам, што займацца “гарачымі” пытаннямі (у т.л. будучага ўсеправаслаўнага сабору, аднаўлення місіі, праблемаў свабоды ў Царкве і інш.) па-за кампетэнцыяй моладзі, гаворачы, што такія пытанні належыць вырашаць гіерархіі. Некаторыя пастары нашай Царквы заўжды заахвочваюць нас, гаворачы нам, што менавіта мы, моладзь, маем свабоду і энтузіязм, каб ставіць складаныя праблемы – праблемы, якія для тых, хто мае пастырскую ўладу, занадта няпростыя. Іншыя аднак сцвярджаюць, што толькі ў іх ёсць паўнамоцтвы, каб займацца такімі рэчамі, і што гэта не нашая справа.

Нашая багаслоўская традыцыя мудра прыпісвае кіраўніцтва Царквой пастырскім уладам (кліру, саборам кліра і інш.), якія галоўным чынам прадстаўленыя мясцовымі япіскапамі. Яны адказныя за адміністратыўнае кіраванне Целам Хрыстовым, а таксама за нашае асабістае збаўленне. Яны маюць даць адказ Хрысту за нас (гл. Габр.13:17). Яны кіруюць Царквой, з уладай Хрыста, але яны робяць гэта толькі, калі выступаюць як япіскапы, толькі калі яны злучаюць сумленне сваёй памеснай Царквы (як Хрыстос злучыў усё чалавецтва, гл. Эф. 1:10). Толькі тады мясцовая супольнасць у паўнаце становіцца Святой Царквой Хрыста ў кафалічнасці. Аднак часта япархіі Царквы такія вялізныя, што япіскапу немагчыма быць увасабленнем сумлення сваёй япархіі ў еднасці з усімі памеснымі Цэрквамі.

Задаваць пытанне “Хто мы такія, каб займацца гэтымі пытаннямі?” – гэта таксама зручны спосаб, каб забараніць тое, што замінае іншым людзям. У Заходняй Еўропе, дзе Сіндэсмас і быў заснаваны ў мінулым стагоддзі, людзі прызвычаіліся да свабоды слова, як у грамадстве, так і ўва ўсіх Хрысціянскіх Цэрквах. Аднаўленне сярэднявечных звычаяў у праваслаўі балючае для актывістаў Сіндэсмаса, якія мелі плён у сваім свабодным эклезіялагічным служэнні.

Адно з такіх гарачых пытанняў у Царкве аказваецца доўгачаканы вялікі сабор Праваслаўнай Царквы. З пачатку ХХ стагоддзя было зроблена шмат для падрыхтоўкі такога сабора, які мусіў разгледзець сучасныя праблемы нашай Царквы, пастырскія, місіянерскія, кананічныя, апалагетычныя і – чаму не? – дагматычныя праблемы. Паміж дэлегатамі ўсіх кананічных Цэркваў адбывалася шмат сустрэчаў. Былі дасягнуты некаторыя пагадненні. Але ўсё ж само скліканне такога сабора яшчэ мае быць узнятае, магчыма з-за праблемаў, аб якіх мы не ведаем. І нават узгодненыя тэксты яшчэ не прыведзеныя ў жыццё.

Аднак нават сам факт таго, што сабор так марудна рыхтуецца – гэта ўжо дакладны знак таго, што патрэба ўзнаўлення калегіяльнай сістэмы ў праваслаўнай Царкве па ўсім свеце існуе, - знак недахопу саборнасці на многіх узроўнях жыцця Царквы.

У гэтым дачыненні, мы планавалі сустрэчу ў жніўні 2005 – фестываль, свята Сіндэсмаса, на які мусілі прыехаць больш за 100 дзельнікаў з розных краінаў і царкоўнага паходжання, якія мусілі сабрацца ў грэцыі. Гэты фестываль мусіў адбыцца на тэму “У накірунку Сабора... Тэрміновыя пытанні ў Царкве”. У нас былі розныя прапановы, дзе правесці гэты фестываль, але мы выбралі тое месца, якое, здавалася, будзе найлепшым як з практычных, так і з духоўных прычынаў: мясцовая Царква Александрупалі, праз свой моладзевы рух, была вельмі актыўная ў Сіндэсмасе ў мінулыя гады, дасылаючы сваіх удзельнікаў на мерапрыемствы і дапамагаючы іншым грэчаскім удзельнікам Сіндэсмаса. Для часткі Сіндэсмаса выбар гэтага варыянту быў своеасаблівым прызнаннем. Тым больш, што новаабраны Мітрапаліт памеснай Царквы аказаўся вельмі цёплым і гасцінным гаспадаром. Гэтая падзея планавалася і рыхтавалася цэлы год. Многія маладыя людзі падалі заяўкі на ўдзел, і многія рэгіёны выказалі вялікую зацікаўленасць.

Удзельнікаў было шмат і яны былі вельмі зацікаўленыя. На жаль, 8 чэрвеня 2005, прыкладна за два месяцы да фестывалю, япархія Александрупалі скантактавалася з Генеральным Сакратарыятам і нечакана паведаміла нам, што Мітрапаліт больш не жадае прымаць у сябе фестываль, прычым з незразумелых прычынаў. Мы спрабавалі знайсці альтэрнатыўнае размяшчэнне у межах Царквы Александрупалі і з дапамогай сінадальных органаў аўтакефальнай Царквы Грэцыі, але было немагчыма знайсці выйсце. Наадварот, фестываль хваляваў мясцовага япіскапа, і ён груба сказаў нашаму каардынатару, што яго не цікавіць Сіндэсмас. Такім чынам, арганізацыйны камітэт фестывалю і Генеральны Сакратарыят вырашылі адмяніць фестываль і адкласці яго на наступны год.

Мы падкрэслілі гэтае даволі дэталёвае апісанне няўдалага эпізоду фестывалю, каб прадэманстраваць, наколькі сама тэма і фестываль “гарачыя”, а таксама, як метады мінулых стагоддзяў у грамадстве дагэтуль выкарыстоўваюцца ў Царкве (добра, што не заўжды). Адмена фестывалю Сіндэсмаса – гэта дакладнае сведчанне патрэбы таго, каб звяртацца да праблемы саборнасці ў Царкве.

У мінулым Сіндэсмас здолеў паставіць мноства пытанняў, якімі ніхто не займаўся. На некаторых мінулых падзеях Я.В. Архіяпіскап Анастасіяс Тыранскі і Прадстаяцель аўтакефальнай Царквы Албаніі, патлумачыў нам, наколькі Сіндэсмас быў для яго стартавай пляцоўкаў у адраджэнні місіянерскай свядомасці ў Праваслаўі. Сіндэсмас быў таксама адным з найбольш актыўных удзельнікаў у даследаванні складаных пытанняў пастырскай арганізацыі Праваслаўных Цэркваў, якія знаходзяцца па-за межамі існуючых кананічных Цэркваў (мы адмаўляемся ад распаўсюджанага наймення “дыяспара” для такіх супольнасцяў у супрацьвагу “егатаспары”. Фактычна ўсе Цэрквы Божыя – насенне на зямлі, знаходзяцца ў сітуацыі “дыяспары”, але ў гэтым кароткім тэксце мы не маем магчымасці напісаць больш падрабязна аб гэтым).

Сёння Сіндэсмас працягвае ставіць далікатныя праблемы з дзёрзкасцю і павагай. Летась мы падрыхтавалі і ажыццявілі мерапрыемства ў складаным месцы, у сімвалічным дл яПраваслаўя месцы, у Эстоніі, краіне, якую любіць Хрыстос, але вельмі параненае некаторымі членамі Царквы. Было вельмі цяжка спланаваць гэтае мерапрыемства з-за царкоўнай напружанасці, але яно аказалася паспяховым. Ніхто нічога не згубіў, кожны пакінуў праект з новымі і пазітыўнымі ідэямі на будучыню. Нягледзячы на тое, што сітуацыя ў Эстоніі настолькі складаная, што дзве праваслаўныя супольнасці нават не маюць еўхарыстычных стасункаў, моладзь абедзвюх супольнасцяў спантанна дамовілася супрацоўнічаць у будучым. Ніхто не ведае, што атрымаецца з гэтага мерапрыемства, і які будзе маштаб таго жадання прымірэння, якое прысутныя моладзевыя лідэры могуць выказаць, але мы ведаем тое, што Святы Дух працуе і дзейнічае для еднасці таксама і там.

Узрастаючая місіянерская свядомасць заўжды была адным з найгалоўных пытанняў Сіндэсмаса. Такім чынам, следуючы рэкамендацыі апошняй генеральнай асамблеі, адміністратыўны камітэт запланаваў праводзіць спецыяльныя мерапрыемствы на тэму місіянерства штогод да наступнай генеральнай асамблеі. Летась мы правялі мерапрыемства ў Расеі, якое было прынятае Белгарадскай духоўнай семінарыяй. Тэма мерапрыемства можа здацца незвычайнай: місія ўва Ўсходняй Еўропе сёння, то бок, місія ў нехрысціянскіх грамадствах, у посткамуністычных краінах. Гэта тэма-выклік, таму што яна ставіць місію на пешы план пытанняў Праваслаўнай Царквы. Другі выклік ў гэтай тэме быў ў наступным: новы кшталт місіі мусіў быць абмеркаваны. Звычайна, калі мы гаворым “Місія”, мы мае наўвеце абвяшчэнне Евангелля тым, хто ніколі не чуў пра Хрыста і Ягоную Царкву. Але з тае прычыны, што ў посткамуністычных краінах моцная царкоўная традыцыя, місіянерская праца ў гэтых грамадствах мае іншае значэнне. Іх спецыфіка ў тым, што іх царкоўная традыцыя не была цалкам сцёртая, але была змененая, часам скажоная пад уплывам таталітарных рэжымаў. Сёння місія Царквы ў гэтых краінах – гэта не толькі абвяшчэнне, кім ёсць Хрыстос, але таксама і абвяшчэнне таго, кім Ён не з’яўляецца; чым ёсць Царква, але таксама і тое, чым яна не з’яўляецца!

З часу падзення камуністычнага рэжыму Сіндэсмас арганізаваў шэраг мерапрыемстваў ў былым Савецкім Саюзе. Гэта стала магчымым дзякуючы свабодзе, у якой цяпер жыве Царква, можа, упершыню за гісторыю. Аднак для гэтых грамадстваў, дзе Добрая Вестка Евангелля была забароненая на працягу дзесяцігоддзяў, першай справай мусіць быць не толькі чуць Евангелле, але таксама ўзнаўляць свабоду і цярпімасць ў Царкве, як наш Гасподзь Іісус быў пасланы Айцом на місію “прапаведаваць паланёным вызваленне і вязням адкрыццё цямніцы (...); прапаведаваць год Гасподні спрыяльны” (Іс. 61:1-2). І як нас вучаць апосталы: “Так кажыце, і так учыняйце, як тыя, што маюць быць судзімыя паводле закона свабоды” (Іак. 2:12). “Дзе Дух Гасподні, там свабода” (2-е Кар. 3:17).

У 2005 годзе мусяць адбыцца два мерапрыемствы на місіянерскую тэматыку: “Місіі-падрыхтоўкі – досвед праграмы на Індыйскім субкантыненце” ў Індыі і “Моладзевы лідэрскі трэнінг” у Кеніі. Справаздачы аб гэтых мерапрыемствах будуць надрукаваныя ў наступных выпусках Syndesmos News.

У канцы лета адбудзецца (адбылася – заўв. пер.) важнае мерапрыемства ў Германіі: канферэнцыя па літургічных мовах і перакладах, пасля якой адбудзецца сустрэча пастараў Царквы. Гэтая пытанне – літургічных моваў і перакладаў – адно з самых складаных праблемаў у сённяшняй Царкве, не толькі ў Заходняй Еўропе, дзе будзе адбывацца мерапрыемства. Нашае Паданне вядомае тым, што мы заўжды ўсведамлялі патрэбу звяртацца да людзей і абвяшчаць Евангелле на іх роднай мове (Дз. 2:8). Рэчаіснасць адрозніваецца ад тэорыі: у многіх месцах праваслаўныя людзі не разумеюць нават найбольш базавых тэкстаў Царквы. У наступным выпуску Syndesmos News вы знойдзеце справаздачу аб гэтым мерапрыемстве.

І дзе ж тады Царква? На шчасце, Царква жыве і ніколі не загіне, таму што яна Нявеста Хрыстова. Вакол кожнага япіскапа, у еўхарыстычнай супольнасці, Царква ўсведамляе сябе як у сісталічным руху сэрца; у канцы кожнай літургіі, народ Божы, сэрца свету, пасылаюцца ў дыясталічным руху рассыпаць насенне любові ў свеце ў асабістым і супольным сведчанні. Адзін з такіх момантаў сведчання Хрыста ёсць Сіндэсмас і дзейнасць Сіндэсмаса. Няхай Гасподзь блаславіць усіх нас і дасць нам Сваю боскую дапамогу, за жыццё свету (гл. Ян. 6:51)

артыкул перакладзены паводле Syndesmos News Volume XVIII-1 / Year 2005

Хрыстафор д'Алозьё

Рубрыка: