Чартовіч з табакеркі

 

Беларускі Экзархат досыць ціхая затока Маскоўскага Патрыярхату, але і тут не абыходзіцца без непагадзі. Гэтым разам асаблівую жалобу і галаўны боль царкоўнаму кіраўніцтва ўчыніў каляцаркоўны камерсант з яскравым прозвішчам Чартовіч. Уладзімір Чартовіч і раней быў крыніцай вядомых скандалаў, і нават з судовымі разборамі, але цяпер адкрыта «падняў пяту» на свяшчэннаначалле Царквы, «хлеб» як ён «еў». Праўда, у адказ, бо нядаўна нарэшце ён дасягнуў мяжы усякага цярпення. Чартовіч, безумоўна, абураны, апелюе да грамадскасці і ўраду, і ў гэтым яго можна зразумець – чаму не стрывалі цяпер, калі трывалі раней?

Што ж гэта за Чартовіч такі, і з якой ён выскачыў табакеркі, у якую цяпер назад засоўвацца не жадае?

У 1993 годзе, калі актыўна запаўняліся ўсе камерцыйныя нішы, у тым ліку і каля Царквы, усплыў гэты буйны спадар, які заснаваў ЗАТ «Праваслаўная ініцыятыва». У яго ў якасці сузаснавальніка ўвайшоў і Беларускі Экзархат. Справа закіпела. Хутка ў цэнты Менска з'явілася крама «Праваслаўная кніга» - для беларускіх маштабаў з'ява досыць незвычайная. У краме гандлявалі нават не столькі кнігамі, колькі царкоўным начыннем, набытай у Софрына. Але асноўны даход прынесла тая самая «ініцыятыва», згаданая ў назве прадпрыемства. Яна была ў прапагандзе неабходнасці выкладання Закона Божага ў школе – у краме быў зарганізаваны збор подпісаў, а ў якасці генеральнага праекту ЗАТ было абранае масавае і шматразовае выданне кнігі Слабадскога «Закон Божы». Кніга не надта што, але пры тагачаснай пустэчы на беларускіх царкоўна-выдавецкіх прасторах і, апроч таго, адзінная з царкоўных кніг, чыя рэклама пастаянна шла па тэлевізіі, атрымала незвычайную папулярнасць. Зразумела, што рэклама – рухавік прагрэсу, і, можа быць, гэты адкрыта камерцыйны праект адыграў бы і не такую благую ролю. Дый для царкоўнага кіраўніцтва такі дзелавы падыход быў больш зразумелым і прыймальным за чыста «ідэйныя» праекты, часта цмяныя, клапатлівыя і досцыць непрадказальныя паводле вынікаў, напрыклад, па пашырэнні катэхізацыі і місіянерства. А тут усё дакладна акрэслена, даходна і, здаецца, цалкам царкоўна.

Але.. Чартовіч, як высветлілася, не такі чалавек, каб спыніцца на адным, так ці інакш вычарпаўшым сябе праекце. Што ж запусціць новае? Якая ніша не занятая? Что нязменна хвалюе... масы? Ксенафобія! Гэты казыр толькі трэба здолець добра згуляць. Ну і хаця не ў такім маштабе, як гэта рабілі таталітарныя рэжымы ХХ стагоддзя, дык хаця б для стабільнага даходу ЗАТ.

Зрэшты, пэўныя тэндэнцыі ў перавагах заходзіліся і раней, але так ужо ў нас прынята, што нацыянал-шавіністычная і імперска-дзяржаўная тэматыка на паліцах «праваслаўнай літаратуры» ў невялікім дамешку дапушчальная. Ну вось «Праваслаўная ініцыятыва» неяк усё больш і больш схілялася да канцэнтрацыі ўвагі менавіта на такога кшталту публіцыстыкі.

Першая навальніца пачалася яшчэ ў 1999 годзе. Адкрыты і публічны скандал у сувязі з выдадзеным «Праваслаўнай ініцыятывай» зборнікам адкрыта злобнай антысеміцкай скіраванасці «Вайна паводле законаў нізасці». Кніга выклікала адпаведны рэзананс аж да судовых разбіральніцтваў. У апазіцыйных СМІ, якія традыцыйна недалюбліваюць праваслаўную царкву, з'явіліся высновы пра тое, што «рукамі Чартовіча дзейнічае мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт». І хаця Беларускі Экзархат быў толькі адным з заснавальнікаў ЗАТ, такія высновы грунтаваліся на сцверджанні, што, маўляў, «Праваслаўная ініцыятыва» належыць Беларускаму Экзархату». Прасцей кажучы, усё гэта стала вялікай «падставай» для царкоўнага кіраўніцтва, якому давялося адказваць за «ініцыятывы» Чартовіча. Справа скончылася тым, што з героя скандалу ўзялі слова не распаўсюджваць згаданую кніжку. Але да справы слова не дайшло. Кніжка распаўсюджвалася і нават прэзентавалася дэпутатам парламента.

Вось тут да месца было б адзначыць адзін далікатны момант, які ўносіў сваю частку складанасці ў сітуацыю. Справа ў тым, што Чартовіч не проста прыкільнік, але літаральна лізаблюд існуючага рэжыму. Лукашэнка для яго нават не збаўца нацыі, але надзея ўсяго чалавецтва. Дайшло нават да таго, што фотаздымкамі ззяючага «правадыра» быў упрыгожаны асноўны выдавецкі прадукт прадпрыемства – «Закон Божы» Слабадскога (ведаў бы аўтар!).

Што б там ні было, на час Чартовіча пакінулі ў спакоі. Затое сам Чартовіч часу дарэмна не марнаваў. Калі пачаўся чарговы скандал у сувязі з выданнем кнігі Б.Міронава «Прысуд забіваючым Расею», пазіцыі яшчэ больш умацаваліся. Але, тым не менш, Беларускі Экзархат вырашыў гэтым разам рэзка адмежавацца ад дзеянняў скандальнага прадпрымальніка. Прыходам быў разасланы цыркулярны ліст з указаннем не набываць тавары ў «Праваслаўнай кнізе», а сам Экзархат выйшаў са складу заснавальнікаў прадпрыемства. Пасля перарэгістрацыі «Праваслаўная ініцыятывы» ўжо апынулася «Хрысціянскай ініцыятывай». Тут трэба адзначыць, што ў Рэспубліцы Беларусь дзейнічаюць так званыя правы на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці, змест, найменне «праваслаўнае і праваслаўную царкоўную сімволіку. Пэўна, крыху з перапуду Чартовіч, каб пазбегнуць праблем, і вырашыў памяняць назву. Пра што цяпер шкадуе і пераназываць краму «Праваслаўная кніга» не жадае. Як высветлілася, усе прэтэнзіі на «незаконнае» выкарыстанне слова «праваслаўны» трэба прад'яўляць у судовым парадку, а гэта, вядома, можа выклікаць новы скандал. Такім чынам, «права», якое нарабіла столькі гоману, якое стала аб'ектам для нападак і кпінаў, на практыцы аказалася зусім неэфектыўным. А Чартовіч цяпер не страчвае магчымасці лішні раз паздзекавацца з сапраўды абсурдным «правам», і ў вачах назіральніка выглядае досыць пераканаўча. Чаго не скажаш пра Беларускі Экзархат, які чарговы раз укляпаўся з-за «мудрасці» свайго юрыдычнага аддзелу.

А Чартовіч не адступае. Наадварот – ідзе ў наступ: увайшоў у саюз з адзіёзнай «Православной Русью». Дак ўладаў накіраваны ліст ў абарону Чартовіча ад “ветэранаў, праваслаўных грамадзян”. Як бывае, гэтым найменне прыкрываюцца мастадонты савекага разліву, як, напрыклад, мастак Савіцкі ці дэпутат-камуніст Касцян. Беларускі Экзархат адказаў “Пастарскім раджаннем” да Чартовіча, якое выглядае, хутчэй, як абвяшчэнне публіцы грашкоў і недарэчнасцей у біяграфіі Чартовіча аж да згадкі наяўнасці ў Чартовіча сваякоў у Ізраілі.

Чым справа скончыцца, яшчэ пабачым. Але галоўную выснову можна зрабіць такую – не ганяўся б ты, поп, за эканамічнай мэтазгоднасцю. У наш час нават «ідэі» сталі прадметам гандлю, а прыбытак – богам, які не адчувае недахопу ў пакланенні. Уваходзячы ў «дзелавыя стасункі» з «дзелавымі людзьмі», трэба памятаць, што ў любы момант мамона запатрабуе сабе ахвяраў, а як вядома, дагадзіць Богу і мамоне немагчыма.

святар Аляксандар Шрамко

Рубрыка: