МАНІТОРЫНГ СМІ: РАДЫЁ СВАБОДА: Маракоў: "У Беларусі саветы зьнішчылі ўсіх сьвятароў"

4 жніўня ў Архістраціга-Міхайлаўскім саборы Ліды, што на Гарадзеншчыне, адбылося ўрачыстае набажэнства і чын кананізацыі праваслаўнага сьвятара Кіпрыяна Клімуца. Ён быў арыштаваны з прыходам саветаў у Заходнюю Беларусь і закатаваны ў Каргапальскім ГУЛАГу ў 1942 годзе.

Кіпрыян Клімуц нарадзіўся ў 1897 годзе ў вёсцы Альхова на Гарадзеншчыне. Вучыўся ў Варшаўскай духоўнай сэмінарыі. Рукапакладзены на сьвятара ў 1921 годзе. Служыў у розных прыходах Гарадзеншчыны. У 1934-м стварыў Праваслаўнае народнае брацтва, якое стала папулярным сярод моладзі. Гэта выклікала раздражненьне падпольнай камуністычнай групы, бо сьвятар на сходах брацтва даводзіў памылковасьць іхніх атэістычных поглядаў. З прыходам саветаў партыйныя актывісты напісалі на сьвятара данос. 10 кастрычніка 1939 году іярэя Кіпрыяна арыштавалі і неўзабаве засудзілі на восем гадоў ГУЛАгу. Пакараньне ён адбываў на Архангельшчыне ў Каргапальскім лягеры, дзе 9 верасьня 1942 году сканаў ад голаду і катаваньняў.

Рэабілітавалі яго ў 1989-м, а ў 2010-м патрыярх Расейскай праваслаўнай царквы Кірыл зацьвердзіў хадайніцтва мітрапаліта Менскага і Слуцкага Філарэта аб правядзеньні чыну кананізацыі сьвятапакутніка Кіпрыяна Клімуца.

Ягоная гісторыя — толькі адна з сотняў і тысяч гісторыяў беларускіх сьвятароў, якія сталіся ахвярамі савецкай улады. Дасьледчык бальшавіцкіх рэпрэсіяў Леанід Маракоў паспрабаваў падлічыць, колькі ж было забіта і закатавана служыцеляў храмаў у Беларусі.

"Праваслаўныя — усе. Амаль дзьве тысячы чалавек. Недзе тысячу дзевяцьсот служыла, і, можа, адзін-два, ну, ня болей за дзесяць чалавек уратаваліся. Гэта тыя, хто змог уцячы куды-небудзь за мяжу, схавацца, зьмяніць працу. Тая ж сытуацыя і з каталіцкімі — забіта і закатавана каля сямісот сьвятароў і арганістаў".

Лічбы, якія прыводзіць спадар Маракоў, тычацца ахвяраў савецкага тэрору ў Беларусі за пэрыяд з 1917 да 1964 году. Дасьледчык напісаў біяграфію кожнага. Двухтомны мартыралёг рэпрэсаваных праваслаўных сьвятароў Беларусі выйшаў у 2007 годзе. А праз два гады пабачыў сьвет аднатомнік пра рэпрэсаваных служыцеляў касьцёлу.

Цягам працы Леанід Маракоў прыйшоў да высновы, што толькі ў Беларусі савецкая ўлада татальна вынішчыла ўсю інтэлігенцыю, да якой залічае і царкоўную эліту.

"У працэнтных адносінах рэпрэсіі супраць сьвятароў у Беларусі несупастаўляльныя з рэпрэсіямі супраць сьвятароў у Расеі. Хоць там таксама вельмі моцныя былі рэпрэсіі, але так, каб усіх выразаць, там гэтага не было".

І прычыны такой палітыкі дасьледчык бачыць у жаданьні новых гаспадароў зьнішчыць мозг заваяванай нацыі.

"Якая інтэлігенцыя ў дваццатыя-трыццатыя гады? Восемдзесят працэнтаў насельніцтва — вясковае. А хто на вёсцы інтэлігент? Настаўнік, мэдык і сьвятар. Галоўнае ім было выразаць інтэлігенцыю — мозг нацыі. Вось яны і выразалі. Пачалі са сьвятароў, потым літаратурную інтэлігенцыю, і скончылі ў 38—39-м мэдыкамі. Пасьля 39-га перакінуліся ўжо на Заходнюю Беларусь, там душыць, забіваць, рабаваць. Гэта бандытызм на дзяржаўным узроўні быў".

Радыё Свабода 4 жніўня 2011 г.

Рубрыка: