МАНІТОРЫНГ СМІ: НАРОДНАЯ ВОЛЯ: Наталля Васілевіч: "Я б забараніла забараняць"

«Будзь мая воля і ўлада», я б у першую чаргу сабе, як уладзе, забараніла б лезці па-за межы сваёй кампетэнцыі і вызначаць грамадскі парадак паводле «сваёй волі».

Як паведамляў БелаПАН, каля 500 подпісаў групы праваслаўных вернікаў накіравана старшыні Магілёўскага аблвыканкама Пятру Рудніку пад зваротам адмяніць у Магілёве выступленне Санкт-Пецярбургскага тэатра «Рок-опера» з пастаноўкай «Ісус Хрыстос — суперзорка». З той прычыны, што, па словах аднаго з падпісантаў звароту Іллі Сідаровіча, «лібрэта рок-оперы скажае многія ключавыя моманты біблейскай гісторыі».

З нагоды гэтай ініцыятывы мы гутарым з Наталляй Васілевіч. Рэдактаркай парталу «Царква», праваслаўнай верніцай, прыватнай асобай.

***

- Ці любіш ты оперу «Ісус Хрыстос - суперзорка»?

- Я знаёмая з операй «Ісус Хрыстос - суперзорка» як звычайны чытач/слухач, які спажыў прадукт, атрымаў пэўныя эмоцыі і пытанні, але не гатовы да мастацкай крытыкі. Гэты культурны прадукт не стаў тым, які адбіўся на маім светапоглядзе, я не «расцягала» яго на цытаты, не звяртаюся да ягоных вобразаў. Вялікая гісторыя, да якой твор звяртаецца, якасная музыка, трывіяльныя сюжэтныя хады, важныя пытанні. Агульныя фразы, бо не магу глыбей пагрузіцца ў дыскусію пра мастацкую каштоўнасць, бо, па-пераше, на мой погляд, гэты канкрэтны твор не заслугоўвае такой увагі, а па-другое, я не так добра ў ім разбіраюся і даўно слухала, каб даваць ацэнкі. Я б з большай ахвотай пагаварыла пра творы О. Генры, якога нядаўна перачытвала, Максіма Гарэцкага, Клайва Льюіса ці хаця б пра Гары Потэра.

- Але ж слухала яе?

- Так, вядома.

- І табе не сорамна?

- Не зусім разумею: перад кім і за што сорамна? Ці павінна выклікаць сорам знаёмства з творам мастацтва, у якім не зусім артадаксальна інтэрпрэтуецца евангельскі сюжэт, дзе «мой герой» Ісус Хрыстос прадстаўлены не зусім так, як успрымаю Яго асабіста я ці як успрымаецца Ён у досведзе Царквы? Дык кожны дзень у каментарыях у фэйсбуку мне даводзіцца чуць больш пакручастыя меркаванні. Сорамна, што я не зрабіла чагосьці больш адпаведнага артадоксіі і не менш значнага па маштабе? Дык у мяне музычнага слыху практычна няма.

Сорамна, што не абараняю гонар сваёй святыні? Дык у кожнага чалавека «свае справы з Ісусам», і творца можа задаваць пытанні і шукаць у сваім творы адказаў, і не мне яму, асобе без музычнага слыху і багаслоўскай адукацыі, забараняць. За што мне можа быць сорамна, дык гэта за мой уласны грэх у «маіх справах з Ісусам» і «Ягоным вобразам» .

Напрыклад, аднойчы мне сябар даў пароль ад сваёй электроннай скрынкі, і я спакусы не перамагла і час ад часу туды зазірала несанкцыянавана. Ці аднойчы мне даверылі таямніцу, а я яе не захавала, і падставіла чалавека вельмі моцна, хоць і не знарок. Ці мне сорамна, што не заўсёды я адпаведна рыхтавалася да сваіх заняткаў. Спазнялася. Маніла. Праяўляла агрэсію. Плакала ад крыўды і несправядлівасці ў прысутнасці публікі. Пісала дурацкія любоўныя лісты. Пра больш пікантныя сітуацыі распавядаць было б і наогул неэтычна. Што тычыцца спажывання інфармацыі, то тут можа быць сорамна хіба за тое, што такая інфармацыя аб’ёмам, формай ці зместам магла б наносіць шкоду маральнаму стану - напрыклад, прагляд парнаграфіі, сядзенне ў інтэрнэце да двух гадзінаў начы, чытанне «гарачанькага» ці салёненькага, замест таго, каб займацца стваральнай працай.

- Але ж ты сама кажаш, што не надта каб разбіралася з тэкстам? Можа, там ёсць нешта такое, што магло б абразіць твае пачуцці як верніцы?

- Як у тым анекдоце: «а вы на шафу залезьце»? Безумоўна, мы - вернікі, вельмі чуллівыя, калі гаворка ідзе пра абразу нашых пачуццяў. Помню, адзін раз мае пачуцці абразіў біблііст, сказаўшы, што не ўсе Пасланні апостала Паўла напісаў апостал Павел. О, як я абразілася! Аднойчы мае пачуцці абразіў адзін бацюшка, які «травіў» мяне пытаннямі «Адам і Ева былі неандэртальцамі ці краманьёнцамі?», разбураючы маю карціну свету, дзе ўсё было зразумела і прыгожа. Ішла па вуліцы і плакала. Але найбольш мяне мог абразіць чалавек, які б сказаў, што я некалі стану праваслаўнай. Аднойчы я проста напала на адну жанчыну, што спрабавала мне пра «Цара Мікалая - Спасіцеля Расіі» прапаведаваць, здаецца, нават матам яе аблаяла. Чалавеку, які жыве нейкай ідэалогіяй, які не здольны крытычна ставіцца да сябе і сваёй веры, заўжды хочацца схавацца за нейкія непахісныя ісціны, пакласці межы, і забараніць любому пераходзіць гэтыя дэмаркацыйныя лініі.

У чым праблема цяпер - ёсць твор мастацтва, папулярны, наратыў якога неартадаксальны ў дачыненні да важнага для мяне сюжэту, не проста важнага для мяне, але ўпісанага ва ўніверсальны культурны цывілізацыйны код. Ці абражацца мне на «Майстра і Маргарыту»? А, можа, на іншыя мастацкія інтэрпрэтацыю іншага сакральнага моманту гісторыі Хрыста - Ягонага нараджэння? На тое, што многія пратэстанты лічаць, што ў Ягонай Беззаганнай Маці былі іншыя дзеці, зачатыя з Іосіфам, і ў сваіх пратэстанцкіх мульціках так і малююць? Ці што ў калядных гісторыях шмат алегорый - то магі неартадаксальныя, то жывёлы і дрэвы становяцца персанажамі, то чорцік да цара Ірада ў Батлейцы прыходзіць. Ад дадзенай канкрэтнай оперы нельга патрабаваць стэрыльнасці, гістарычнай дакладнасці і багаслоўскай артадоксіі. Гэта ж не царкоўная містэрыя. І не спектакль у нядзельнай школцы. Безумоўна, магло б быць класна, каб манапалізаваць выкарыстанне пэўных вобразаў (запатэнтавала ж БПЦ выключнае права на выкарыстанне Крыжа св. Еўфрасіні). Але мне, асабіста, аж нейкія апакаліптычныя карціны адразу малююцца.

- А наогул, ці патрэбна абараняць ад чаго ці каго-небудзь пачуцці вернікаў? Хто гэта павінен рабіць?

- У першую чаргу трэба абараняць не суб’ектыўныя пачуцці вернікаў, а іх правы на свабоду рэлігіі і веравызнання (якая тычыцца таксама і нявернікаў). Вельмі шмат вядзецца размоваў пра канфлікт свабоднага мастацкага самавыражэння і «пачуццямі вернікаў», а таксама паміж свабодай слова - і імі ж. Два яскравыя прыклады: выстава “Стоп рэлігія” ў Маскве і дацкія карыкатуры на прарока Мухамеда.

Ёсць два асноўныя прававыя падыходы. Першы - “пачуцці вернікаў” з’яўляюцца неабходнай інтэгральнай часткай свабоды рэлігіі і веравызнання, якая абараняецца міжнароднымі прававымі нормамі і нацыянальным заканадаўствам. Таму любую свабоду мастацкага самавыражэння і свабоду слова трэба абмежаваць, калі справа заходзіць пра рэлігійныя каштоўнасці. Такая пазіцыя характэрная для Рускай Праваслаўнай Царквы - кіраўніцтва якой нават накіравала ў Венецыянскую камісію АБСЕ прапановы па ўключэнні абароны пачуццяў вернікаў у стандарт свабоды рэлігіі. Такой пазіцыі прытрымліваюцца і ў многіх мусульманскіх краінах, дзе нават прадугледжваецца адказнасць за блюзнерства (blasphemy laws) аж да смяротнага пакарання. Помніцца выпадак з Салманам Рушдзі і яго раманам “Сатанінскія вершы”, які выклікаў скандал у ісламскім свеце, супраць аўтара была выдадзена фетва, якая прадугледжвала неабходнасць забойства блюзнера, і гэты скандал цягнецца па сённяшні дзень: з забаронай кніг, хвалямі гвалту, выбухамі і г.д.

Другі падыход - права на свабоду рэлігіі і веравызнання абараняе правы вернікаў (індывідаў і супольнасцяў), але не рэлігію ці рэлігійнае вучэнне. Няма права ў вернікаў, каб іх рэлігія не была крытыкаваная. Няма манаполіі на сімвалы і інтэрпрэтацыі.

У сваю чаргу, у секулярным грамадстве з боку «абражаных» атэістаў і агностыкаў чуюцца супрацьлеглыя заклікі: «прэч рэлігію і рэлігійныя сімвалы з публічнай сферы», «далоў выкладанне рэлігіі ў школах», «не мінарэтам і мусульманскім хусткам» (да гэтага закліку часцяком і хрысціяне далучаюцца).

У дадзеным канкрэтным выпадку я не бачу абразы пачуццяў вернікаў і парушэння іх правоў. Калі б некага, насуперак яго волі і жадання, прымушалі ісці на гэты канцэрт альбо калі б сотавы аператар прымусова замест працяглых гудкоў паставіў арыю Юды праваслаўнаму хрысціяніну, тады б абраза была відавочнай. А так: не хочаш - не слухай. «Розныя людзі жывуць на зямлі, і ў кожнага думкі свае» - як спявала «Партызанская школа».

- Відавочна, твая пазіцыя, мякка кажучы, не зусім адпавядае не толькі пазіцыі асобных вернікаў-«фундаменталістаў», але і афіцыйнай пазіцыі праваслаўнай царквы. Як ты з гэтым жывеш? Табе гэта не перашкаджае? Хіба не павінен вернік ва ўсім падпарадкоўвацца царкве?

- Я заўжды паўтараю адну простую думку: сёння тая ці іншая пазіцыя можа быць названая афіцыйнай пазіцыяй праваслаўнай царквы толькі ўмоўна, абапіраючыся на шэраг крытэраў. Пазіцыя, якая выказваецца ў якасці праваслаўнай, можа атрымліваць легітымнасць праз нейкія афіцыйныя дакументы, выказванні асобаў пэўнага статусу ці аўтарытэту, але гэта робіць такую пазіцыю «адной з магчымых» ці «адной з рэкамендаваных» з той ці іншай ступенню легітымнасці. Жыву я з гэтым цалкам нармальна, і мне гэта не перашкаджае.

Вернік павінен перш за ўсё следаваць свайму сумленню, а таксама веры царквы, але ніяк не пазіцыі па розных актуальных пытаннях. Некаторыя вернікі фармулююць такую пазіцыю, якая атрымлівае большую легітымнасць дзякуючы нейкім фармальным адзнакам, напрыклад, сан, альбо афіцыйная пасада, альбо змястоўным - узровень аргументацыі, здольнасць упісаць пазіцыю ў вучэнне і этас, асабістым - святасць жыцця, ці ўрэшце, колькасным. Не заўсёды ўсе адзнакі супадаюць у адным чалавеку ці групе людзей. Я часта выступаю на праваслаўных жа канферэнцыях з крытыкай некаторых афіцыйных дакументаў Рускай Праваслаўнай Царквы, і такая пазіцыя частка аказваецца салідарнай з пазіцыяй больш аўтарытэтных, чым я - з фармальнага гледзішча - багасловаў. Не бачу бяды. Дыялог - гэта нармальна. Тут жа справа ў тым, каб разабрацца, як жа правільна. А не атрымаць ЦУ зверху. Адзінае, што гаворачы, я заўжды спрабую адэкватна прадставіць свой статус і ніколі не гаварыць ад імя афіцыйнай царкоўнай арганізацыі.

- Будзь твая воля, што б ты забараніла ў Беларусі?

- Я б не хацела, каб мая асабістая воля магла забараніць нешта ў цэлай Беларусі. І наогул, я далёкая ад забараняльнага прынцыпа ў грамадскім жыцці. Бывае, пачытаеш некаторых палітыкаў «калі прыйдзем да ўлады, то забаронім гэта, забаронім тое, забаронім другое», я за такіх галасаваць ніколі не буду. На мой погляд, гэта дэфармацыя свядомасці, якая ўяўляе ўладу як нешта забараняльнае, ды і саму мараль - як шэраг забаронаў. У нас, на мой погляд, гэтых забаронаў і так больш, чым трэба, што ў Крымінальным кодэксе, што ў Кодэксе аб адміністратыўных правапарушэннях. Найлепшай прававой рамкай, на мой погляд, з'яўляюцца правы чалавека. «Будзь мая воля і ўлада», я б у першую чаргу сабе, як уладзе, забараніла б лезці па-за межы сваёй кампетэнцыі і вызначаць грамадскі парадак паводле «сваёй волі».

"Народная воля"

Дзьмітры Галко

Рубрыка: