Пахрысцілі, а не навучылі. Ці хрысціянскі народ беларусы?

Большасць беларусаў сцвярджаюць, што яны вераць у Бога. Аднак пытанне, ці можна лічыць Беларусь хрысціянскай краінай, застаецца адкрытым.

Апублікую зараз некаторыя лічбы, якія павінны прымусіць чытачоў, асабліва вернікаў, задумацца.

Вернікі, якія не моляцца

Нядаўна мне ўдалося натрапіць на вынікі апытанняў, якія праводзіў НІСЭПД (Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследванняў).

Паводле НІСЭПД, у 2010 годзе 79% беларусаў назвалі сябе праваслаўнымі, 11% - каталікамі, 0,7% - пратэстантамі. 90,7% беларусаў, такім чынам, адносяць сябе да трох асноўных хрысціянскіх канфесій. На першы погляд, за стан хрысціянства ў Беларусі можна не хвалявацца.

Але самае цікавае пачынаецца, калі гаворка ідзе пра ўдзел у рэлігійных практыках. Толькі 23,5 працэнта беларусаў у 2010 годзе хадзілі ў царкву хоць бы раз на месяц. У 2003 годзе гэтая лічба была 22,7% - змены на ўзроўні статыстычнай памылкі.

Падчас апытання, праведзенага ў 1999 годзе, толькі 17% беларусаў сказалі, што моляцца штодня. Затое 41% беларусаў не моляцца ўвогуле. Пасля апытання прайшло 13 год, але няма падставы меркаваць, што сітуацыя сёння істотна змянілася.

Большасць беларусаў, хоць ідэнтыфікуюць сябе з хрысціянскімі канфесіямі, але не ўдзельнічаюць у рэлігійных практыках. Лічаць, што можна быць, напрыклад, праваслаўным, але не мець ніякіх адносінаў з Богам.

Ці патрэбны Бог маладому пакаленню?

Калісьці я ўжо цытаваў у сваім блогу некаторыя лічбы з даследвання ксяндза Сяргея Пекачова, які апытаў больш за тысячу мінскіх старшакласнікаў. Паўтаруся яшчэ раз, бо лічбы шакуюць.

Штонядзелі ў царкву ходзяць толькі 2,4% (!) маладзёнаў – 9% сярод каталікоў і 1,1% (!) праваслаўных. Да споведзі ніколі не ходзяць 54,8% праваслаўных, якія ўдзельнічалі ў апытанні, і 44,9% каталікоў. Да Камуніі не ходзяць 46,7% апытаных праваслаўных і 40,4% каталікоў. Штодня моляцца толькі 12% старшакласнікаў.

Многія нормы хрысціянскай маралі патрымлівае толькі невялікая частка старшакласнікаў. Сэкс да шлюбу лічаць недапушчальным 6,7% маладзёнаў, супраць разводаў – 12%. А вось катэгарычна супраць абортаў выступае 38,3% апытаных. Вялікая колькасць маладзёнаў – 54% - выступаюць супраць гомасэксуальных шлюбаў. Але, відаць, не з рэлігійных меркаванняў.

З апытання вынікае, што сённяшнія 18-20 гадовыя – адна з найменш рэлігійных частак беларускага грамадства.

І Бог, і астралогія

Падкіну яшчэ жменьку цікавых лічбаў. Магістр рэлігіязнаўства Сяргей Галавін у сваёй кнізе “Мировоззрение. Утраченное измерение благовестия” спасылаецца на даследванні, якія ў апошнія гады ХХ стагоддзя праводзілі некалькі даследчых цэнтраў у Расіі і Украіне.

Матэрыялы даследванняў адлюстроўваюць светапогляд людзей, якія называюць сябе вернікамі. Толькі 36,7% апытаных лічаць, што Бог з’яўляецца Асобай, а для 40% - гэта безаблічная Вышэйшая Сіла. І толькі 29,8% веруючых лічаць, што аборт – гэта забойства.

У жыццё пасля смерці – галоўную надзею хрысціянаў – вераць толькі 58,6% веруючых. Затое 30% вераць у “перасяленне душаў”, якому навучаюць усходнія рэлігіі. 61,1% веруючых вераць, што існуе Рай, а ў існаванне пекла вераць толькі 55,3%.

58,1% мяркуюць, што верыць можна і без Царквы. Затое 41% апытаных веруючых вераць у астралогію.

Апытанні, нагадаю, праводзіліся ў Расіі і Украіне. Беларусь мае тую ж самую камуністычную спадчыну і знаходзіцца пад уплывам расейскага культурнага поля. Таму адрозненні ў свядомасці, мяркуючы па ўсім, не дужа вялікія.

Выклік для хрысціянаў

З аднаго боку, можна радавацца, што большасць беларусаў вераць, што існуе Бог, ды - кажу з уласных назіранняў – вераць, што людзям трэба рабіць дабро, а не зло.

Але людзей, якія вераць так, як вучыць Біблія – меншасць у беларускім грамадстве. Моладзь да Бога не імкнецца. Праваслаўная Царква здыскрэдытавала сябе ў вачах значнай часткі насельніцтва, у галовах якіх трывала засеў стэрэатып пра “бацюшак-хапугаў на крутых машынах”.

Беларускім хрысціянам даўно трэба было ўзгадаць словы, якія Хрыстос сказаў апосталам перад Узнясеннем: “Ідзеце, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына і Сьвятога Духа, вучачы іх выконваць усё, што Я запаведаў вам” (Мацвея, 28, 19-20).

Аднак гэты запавет у Беларусі выкананы толькі напалову. Пахрысціць пахрысцілі, а навучыць не здолелі.

І не трэба спрабаваць сапхнуць адказнасць на царкоўных іерархаў. Гэтая місія даручана кожнаму з нас, вернікаў.

Сайт "Весткі"

Шыталь Кастусь

Рубрыка: