Хто вучыў Наваградскага Ўладыку Гурыя?

Звяртаю увагу адукаванай публікі на сайт Наваградскай епархіі РПЦ На гэтым сайце змешчана гутарка святара Вадзіма Кузьміча з ягоным начальнікам – архіяпіскапам Наваградскім і Лідскім Гурыем (http://eparhia.by/index.php?id=593). Тым самым уладыкам, які прапанаваў кананізаваць мітрапаліта Іосіфа Сямашку. Айцец Вадзім “вопрошает”, а ўладыка Гурый “вразумляет”.

Не ведаю, ці мае айцец Вадзім хоць бы нейкую журналісцкую падрыхтоўку, ці вучылі яго навуцы камунікацыяў, але сама кампазіцыя гутаркі з уладыкам Гурыем і загаловак, дадзены тэксту, паказваюць, што журналіст з бацюшкі Вадзіма кепскі.

Змешчанае на сайце Наваградскай епархіі інтэрв’ю мае загаловак “О ювенальной юстиции, способствующей разрушению семьи и государственности. Попытки возрождения униатства в Беларуси”.

Вось такое асарці. А паміж гэтымі дзвюма тэмамі ўладыка выказваецца наконт гомасэксуалізму і аднаполых шлюбаў.

Праўду сказаўшы, я так і не зразумеў, якія канкрэтныя палажэнні еўрапейскай ювенальнай юстыцыі не задавальняюць уладыку Гурыя, чаму яна характарызуецца як “продуманная мизантропическая система”, накіраваная на разубрэнне сям’і. Архіяпіскап не паказаў і не даказаў нам, што ювенальная юстыцыя “подрывает общество на корню”.

Ёсць у мяне падазрэнне, што архіяпіскап Гурый, мякка сказаўшы, не спецыяліст у галіне ювенальнай юстыцыі і нічога канкрэтнага сказаць не можа. Але што вельмі цікава, дык тое, што наваградскі ўладыка зрабіў, на маю думку, сапраўднае навуковае адкрыццё. З еўрапейскай ювенальнай юстыцыі ён выводзіць садомскі грэх, мужчынскі гомасексуалізм.

Адзначыўшы, што ў пытаннях аднаполых шлюбаў далёка прасунулася Швецыя, архіяпіскап Гурый кажа:

“Здесь с энтузиазмом обсуждают новые стандарты «гендерного нейтралитета», решив, что не будут больше терпеть различий между полами даже на обыденном уровне. В этой стране родители (муж і жонка? – А. С.) поставлены уже в такие рамки, что считают за лучшее завести собачку, чем ребенка, иначе можно попасть под прицел ювеналов, а значит, и в тюрьму. Вот такие следствия введения ювенальной юстиции... А физиологические законы все равно ведь срабатывают, потому люди и беснуются: не семьи создают, а содомскую нечисть”.

Вось такая логіка. Мужчына і жанчына, жывучы ў шлюбе, баяцца завесці дзіця, заводзяць сабачку і пачыначаюць займацца аднаполым каханнем.

Праўда, заклапочаны “мужчынскім каханнем”, садомскім грахом, уладыка Гурый нічога не кажа пра “жаночае каханне” і лесбіянкам карамі не пагражае. Як відаць, лесбіянкам кары не прадугледжаны.

Ад гейскага пытання свяшчэннаслужыцелі РПЦ раптам пераходзяць да тэмы Уніі. І тут наваградскі архірэй дэманструе не меншую кампетэнтнасць, чым у пытаннях ювенальнай юстыцыі і прыроды гомасексуалізму.

Я маўчу пра тое, што бацюшка Вадзім і архіяпіскап мала ведаюць пра жыццё беларускай грэка-каталіцкай супольнасці і пра яе структуры. Цікавей чытаць “жахлівую гісторыю”, якую ўладыка Гурый расказвае сваму падначаленаму.

Так супала, што ў адзін і той самы дзень у Лідзе адкрывалі праваслаўную выстаўку і прэзентавалі кнігу Лявона Лаўрэша “Грэка-каталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне”. Вось яна, “жахлівая гісторыя”:

“Недавно в Лиде поразились бесстыдству священников-униатов: поправ все правила приличия, они во время открытия православной выставки «Единение. Семья. Отечество» рядом в музее расположили свою выставку и даже устроили презентацию брошюры некоего местного убежденного униата о греко-католической (униатской) церкви. Но больше всего людей возмутило то, что новоявленные «проповедники» были в облачении православных священников с православными же крестами! Факт просто возмутительный: пользуясь доверчивостью людей, они обманом завлекали их в свое лоно!”.

Спачатку пра словаўжванне. У гэтай гісторыі мяне пацешыла слова “лоно”. “Лоно” (улонне) ёсць у Маці-Царквы і ў... жанчыны. Ну, ніяк грэка-каталіцкія святары не маглі заманьваць людзей “в свое лоно”.

Цяпер пра дакладнасць. Кнігу на 127 старонак назваць брашурай можа толькі дэзынфарматар ці злоснік.

Цяпер пра кампетэнтнасць. Цытую зноў: “Но больше всего людей возмутило то, что новоявленные «проповедники» были в облачении православных священников с православными же крестами! Факт просто возмутительный...”

Цікава, хто вучыў уладыку Гурыя? Даслужыцца да такой высокай пасады ў РПЦ і не ведаць, што яго Царква не валодае манаполіяй на праваслаўнасць, не ведаць, што грэка-католікі таму і “грэка”, а не “рыма”, што ў аблачэнні духавенства, у набажэнствах, святах і г. д. яны захоўваюць вернасць традыцыям Рускай (Кіеўскай) Царквы, якая прыняла святы хрост ад грэкаў, – не ведаць усяго гэтага архірэю, настаўніку святароў, прост недаравальна.

Раз ужо ўладыка, асоба з вышэйшай духоўнай адукацыяй, дэманструе такую “кампетэнтнасць”, дык што можна чакаць ад тых святароў, якія нават семінарыю не скончылі?

 

Анатоль Сідарэвіч

Рубрыка: