Нельга, каб справа Лазара пасеяла недавер да біскупаў

Справа ксяндза Уладзіслава Лазара – цёмная. Відавочна, дзяржава мае нейкі інтарэс, каб не праліваць на яе святло. Пры кожнай крымінальнай справе паведамляецца абвінавачванне, хто затрыманы, мера стрымання, акалічнасці справы часам паведамляюцца, а часам хаваюцца ў інтарэсах следства. Але па справе кс. Лазара мы не ведаем нават, які артыкул шыюць.

Можна толькі здагадвацца, чаго хоча ўлада. Дапамогі ватыканскай дыпламатыі, нейкіх крокаў з боку Касцёла, ці проста хоча трымаць у Касцёл у напружанні? Цемра – зручнае асяроддзе для злачынцаў: мы здагадваемся, што нешта нехта робіць, але не можам разгледзець, хто і што. Мы спрабуем рабіць у цемры нейкія крокі, але не бачым, які будзе іх вынік.

Яшчэ ў цемры лёгка сутыкнуцца лбамі. Прадугледжвалі гэта гэбэшныя аналітыкі і аператыўнікі альбо не, але справа кс. Лазара ўзмацняе напружанне ўнутры Касцёла. Пытанне пра тое, наколькі Касцёл павінен быць лаяльны да дзяржавы – адно з самых вострых. Цяпер яно зноў актуальнае.

Сёння католікі горача спрачаюцца МІЖ САБОЙ, што павінен рабіць Касцёл у справе ксяндза Лазара. Свецкія вернікі звяртаюцца да біскупаў, біскупы пасылаюць свецкіх вернікаў далёка. З аднаго боку гучаць галасы: “Вось каб не маўчалі…” З іншага: “Маўчыце, каб не нашкодзіць!” У клерыкальным асяроддзі, не выключана, таксама ёсць рознагалоссі. Магчыма, БХД пачне збор подпісаў за вызваленне – і пачнуцца енкі, што БХД робіць сабе піяр і шкодзіць Касцёлу.

Сумняюся, што мы можам чымсьці нашкодзіць кс. Лазару. Нашкодзіць – пасадзіць святара – можа толькі дзяржава. Нічога незваротнага няма: можна дашыць справу і пасадзіць – а можна закрыць справу і выпусціць. Але дзяржава лічыць за лепшае патрымаць святара ў закладніках, а Касцёл у напружанні. Тым часам мы абвінавачваем АДНО АДНАГО і сварымся АДЗІН з АДНЫМ.

Не сумнявайцеся: недавер, варожасць, падзелы ўнутры Касцёла выгадныя якраз дзяржаве.

Старонка аўтара

 

 

Кастусь Шыталь

Рубрыка: