Пасхальнае пасланне мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі

Ад смерці да жыцця і ад зямлі да неба

Хрыстос Бог перавёў нас, якія песню перамогі спяваюць.

Пасхальны канон. Песня 1. Ірмос

 

 

 

Узлюбленыя ва Ўваскрэслым Госпадзе нашым Іісусе Хрысце Праасвяшчэнныя архіпастыры, шаноўныя прасвітары і дыяканы,

богалюбівыя інакі і інакіні,

браты і сёстры, усе верныя сыны і дочкі
Беларускай Праваслаўнай Царквы!

Вітаю вас вечна жывымі словамі пасхальнага дабравесця, духоўна радуючыся і лікуючы разам з вамі:

ХРЫСТОС УВАСКРЭС!

Міласцю Божай мы дасягнулі светлага дня Пасхі! З таго моманту, як апосталы абвясцілі свету пра Ўваскрасенне Спасіцеля нашага Госпада Іісуса Хрыста, пастаянная радасць напаўняе жыццё нашай Царквы: Хрыстос уваскрэс з мёртвых — і смерць пераможана! Усё жыццё хрысціяніна павінна быць напоўнена пасхальнай радасцю. Кожная нядзеля — гэты дзень Уваскрасення — паказвае нам вялікі подзвіг Спасіцеля і паўнату Божай любові. Прыйшоўшы ў свет у плоці, Хрыстос Спасіцель ацаліў чалавечую прыроду ад хваробы граху і, сышоўшы ў пекла, зруйнаваў кайданы смерці, даўшы нам магчымасць узыходзіць у жыццё вечнае ў Яго Нябесным Царстве.

Першае слова, якое прамовіў Уваскрэслы Хрыстос Спасіцель, звяртаючыся да жанчын-міраносіц, а затым і да апосталаў, было «Радуйцеся!». У гэты зіхатлівы дзень, які сапраўды вядзе нас «ад смерці да жыцця і ад зямлі да неба», Царква Хрыстова радуецца, вітаючы Бажэственнага Пераможцу смерці: «І ўзрадаваліся вучні, убачыўшы Госпада» (Ін. 20: 20).

Радасная песня аб Уваскрасенні Хрыстовым гучыць і ў кожным з нас: мы радуемся таму, што адбылася найвялікшая падзея — Хрыстос Спасіцель Сваёю смерцю знішчыў саму смерць: «Сіло парвалася — і мы выратаваны. Дапамога наша ў імені Госпада» (Пс. 123: 7–8). Радуемся мы і таму, што нам, якія веруюць у Яго, Ён завяшчае жыццё вечнае. І таму, хто будзе выконваць Яго Бажэственныя запаведзі і жыць згодна з Евангеллем, Гасподзь абяцае Царства Нябеснае: «Я — уваскрасенне і жыццё; хто веруе ў Мяне, калі і памрэ, будзе жыць» (Ін. 11: 25).

Будзем жа радавацца, таму што мы маем цудоўную і непахісную аснову нашай веры — Уваскрасенне Хрыстова! Ва Ўваскрасенні Хрыстовым — абяцанне, што смерць на зямлі — не канец жыцця, што смерць сілаю Божаю пераадольваецца. Ва Ўваскрасенні Хрыстовым – пачатак нашага асабістага ўваскрасення. Як смяротныя мы падаем, але як бессмяротныя ўваскрасаем у жыццё вечнае з Хрыстом Спасіцелем. Няхай гэтая радасць нашага агульнага ўваскрасення ўмацоўвае нас, дапамагае пераадольваць цяжкасці, з якімі нам давядзецца яшчэ сустрэцца на жыццёвым шляху.

ХРЫСТОС УВАСКРЭС!

Гэтая спасіцельная вестка — сведчанне трыумфу жыцця вечнага, перамогі над смерцю і тленнем. Мы радасна сустракаем Светлае Хрыстова Ўваскрасенне, праслаўляючы Ўваскрэслага Хрыста, Жыццядаўца, ускладаючы на Яго ўсё сваё спадзяванне.

Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл у адной са сваіх пропаведзей падкрэсліў, што сёння нямала людзей «імкнецца зразумець сапраўдны сэнс быцця, знайсці шлях да Бога…». Каб Добрая вестка дасягнула і іх, «голас Царквы павінен гучаць гучна і пераканаўча, дзеля сведчання пра Таго, «Які аддадзены быў за грахі нашы і ўваскрэс для апраўдання нашага» (Рым. 4: 25)». Несучы сведчанне пра Хрыста Ўваскрэслага і памятаючы словы Апостала: «Калі вы ўваскрэслі з Хрыстом, то шукайце вышняга, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога» (Кал. 3: 1), падтрымаем адзін аднаго, каб ніхто не адчуваў сябе адзінокім, прыніжаным і безнадзейным. Падзелімся з усімі бліжнімі і дальнімі радасцю аб Уваскрэслым Спасіцелі, радасцю магчымасці яднання з Ім. І тады і ў нас саміх, і ў навакольным свеце мы ўбачым змены да лепшага.

Сёння гэта надзвычай неабходна, таму што ў шэрагу краін хрысціяне перажываюць ганенні, параўнальныя з тымі, што былі ў раннія вякі хрысціянства, а часта і большыя за іх. «Руская Праваслаўная Царква з болем успрымае гэтую бяду, — кажа яе Прадстаяцель. — Калі падзеі і далей будуць развівацца ў падобным рэчышчы, то сляды прысутнасці хрысціянства могуць практычна знікнуць там, дзе яно калісьці зарадзілася і існуе ўжо два тысячагоддзі… Як браты па веры, мы павінны падтрымліваць адзін аднаго ў цяжкі момант, узвышаць свой голас як адзіная Святая Саборная і Апостальская Царква». Няхай уваскрэсне Бог у сэрцах людзей, і няхай рассеюцца нянавісць і злосць, варожасць і сваркі, усялякія раздзяленні! «Няхай усе будуць адно: як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, так няхай і яны ў Нас будуць адно» (Ін. 17: 21).

Праасвяшчэнныя архіпастыры, узлюбленыя айцы, браты і сёстры! Будзем жа бясконца дзякаваць Богу за тыя дары, якія мы атрымалі праз прышэсце ў свет Яго Адзінароднага Сына. Няхай Пасхальны трыумф заўсёды жыве ў нашых душах і сэрцах і жывіць іх, няхай гэтай бясконцай радасцю напаўняецца і пранікаецца ўсё наша жыццё. Благадатная дапамога Божая няхай садзейнічае кожнаму з нас у далейшай працы на славу нашай Царквы, на славу нашай зямной Бацькаўшчыны, на дабро ўсім, хто мае патрэбу ў нашай увазе і клопаце.

Віншую ўсіх вас са святам Святой Пасхі Хрыстовай і малітоўна жадаю вам і вашым блізкім светлай пасхальнай радасці, усёпераможнай надзеі, моцы душэўных і цялесных сіл!

 

ХРЫСТОС УВАСКРЭС!

САПРАЎДЫ ЎВАСКРЭС ХРЫСТОС!

 

+ ПАВЕЛ,

мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі,

Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі

 

Пасха Хрыстова

2016 год

горад Мінск

 

Конфессии: 
Страны: 
Рубрыка: