Колькі беларусаў, столькі і моваў беларускіх

26 лютага адбылася прэзэнтацыя выдадзенага Біблейнай камісіяй пры Беларускім Экзархаце “Евангелля паводле Іаана” і новага “Малітваслова” на беларускай мове.

Прэзэнтацыя новых выданьняў Біблейнай камісіі пры Беларускім Экзархаце

 

26 лютага ў суботу пасьля традыцыйнай літургіі на беларускай мове ў прыходскім доме Петрапаўлаўскага сабору ў межах Астрожскіх чытаньняў адбылася прэзэнтацыя выдадзенага Біблейнай камісіяй пры Беларускім Экзархаце “Евангелля паводле Іаана” і новага “Малітваслова” на беларускай мове. Прэзэнтацыя распачалася пасля паніхіды ў памяць дабраверных князёў Астрожскіх. На прэзэнтацыю была запрошаная група БТ, якая прыватным чынам задала некалькі пытанняў членам Біблейнай камісіі.

Вядучым прэзэнтацыі і першым выступоўцам быў прафэсар Іван Чарота, які распавёў гісторыю стварэння і працы Біблейнай камісіі. Паводле Івана Аляксеевіч, камісія была створаная ў 1989 г., і ў ёй пераважалі пісьменьнікі і філёлягі, але плёну працы гэтай камісіі было ня так многа, як чакалася, бо, як як сьцьвярджае сп.Чарота, вельмі цяжка было ўзгодніць 35 меркаваньняў членаў камісіі. Перакладчыкі Васіль Сёмуха і Анатоль Клышка ў хуткім часе адыйшлі ад працы камісіі і стварылі свае ўласныя пераклады. У 1995 годзе дзейнасць камісіі была адноўленая пры Беларускім Экзархаце і ў яе склад увайшлі мітр. Філарэт (старшыня), прот.Георгій Латушка, прот.Сергій Гардун, іяр. Аляксандар Пачопка, выкладчык Жыровіцкіх духоўных школаў Алесь Кароль, Тацяна Матрунчык, Ўладзімер Васілевіч, а таксама а.Георгій Сакалоў і Алена Яскевіч, якія з розных прычынаў таксама ў пэўны час адыйшлі ад дзейнасці ў камісіі. Іван Чарота, вядомы сваёй любоў да Сэрбіі, прывёў у прыклад дзейнасць аналагічнай Сербскай сінадальнай камісіі, якая прапрацавала над перакладам 23 гады, зьбіраючыся двойчы на тыдзень, у той час як беларуская камісіія зьбіраецца раз на тыдзень шточацьвер.

Пасьля праф.Чароты выступіў прот.Сергій Гардун, распавёўшы прынцыпы перакладу богаслужбовых тэкстаў, прынятыя камісіяй, ён таксама зрабіў невялікі агляд малітаўнікоў на беларускай мове, якія выходзілі ў Беларусі і па-за яе межамі. У “Малтваслоў”, выдадзены камісіяй, увайшлі поўныя ранішнія і вечаровыя правілы, правілы да Сьвятога Прычасьця, малітвы на розную патрэбу; часткова гэтыя малітвы друкаваліся раней у складзе Беларускіх праваслаўных календароў, якія штогод выдае Брацтва Трох Віленскіх пакутнікаў; цяпер яны былі яшчэ дапоўненыя і выпраўленыя. Пры перакладзе выкарыстоўваўся грэчаскі і царкоўна-славянскі тэксты. Як вядома, у такім выглядзе, як у нашай царкве, у грэкаў не існуе малітоўных правілаў, таму за ўзор былі ўзятыя славянскія тэксты. Калі ў адным з варыянтаў было дадатковае слова ў параўнаньні зь іншым, то ў беларускім варыянце гэтае слова захоўвалася, калі перакладчык сутыкаўся з разыходжаньнямі паміж грэчаскім і славянскім варыянтамі, то арыентаваўся на грэчаскі, а ў зносцы даваў царкоўнаславянскі варыянт. Што датычыць лексікі “Малітваслова”, то айцец Сергій кіраваўся асноўнымі прынцыпамі, выпрацаванымі на камісіі (калі параўнаць з календарнымі тэкстамі, то ў “Малітваслове” ёсць папраўкі). Так, самай значнай папраўкай стала “вяртаньне”, паводле словаў айца Сергія, у беларускую мову слова “спасеньне” і ўсіх вытворных ад асновы “спас”. Для абгрунтаваньня дадзенай папраўкі сьвятар зьвярнуўся да выданьня таронтаўскага малітаўніка 1966 г. (у выданні таго ж малітаўніка 1980 года аднак слова “спасенне” было скасаванае), дзе разам з тым ёсць і слова “ангел”. Улічваліся таксама і іншыя выданьні, такія, як, напрыклад, уніяцкі малітаўнік “Божым шляхам”, выдадзены ў Рыме ў 1946, а таксама пераклад грэка-каталіцкага архім.Льва Гарошкі і Біблія ў перакладзе Янкі Станкевіча. Спасылаючыся на такую словаўжывальную практыку, а.Сергій настойвае на тым, што словы з коранем “спас” і “ангел” былі неабгрунтавана выдаленыя зь беларускай мовы і мусяць быць “вернутыя”, што і рэалізуе аўтар ў сваіх перакладах.

Дацэнт Алесь Кароль распавёў пра беларускую мову ў духоўных школах. Ён адзначыў, што беларуская мова ўжывался пры выкладаньні ад самага пачатку аднаўленьня Жыровіцкай сэмінарыі ў 1989 выкладаліся і працягваюць выкладацца на беларускай мове такія прадметы, як, напрыклад, біблейная гісторыя, старажытна-грэчаская мова і лаціна. На дадзены момант вучацца сэмінарысты ў асноўным зь Беларусі і Літвы (дзе няма сваёй сэмінарыі), таму па-беларуску выкладаць прасьцей. Апроч таго выкладаецца беларуская мова як прадмет, сэмінарысты вучаць на памяць духоўныя вершы слынных беларускіх паэтаў, напрыклад, Ларысы Геніюш і Натальлі Арсеневай.

Іярэй Аляксандар Пачопка з Сьвятавазьнясенскага сабору ў Барысаве, апраўдваючы ўжываньне некаторых нехарактэрных для сучаснай беларускай літаратурнай мовы словаў, адзначыў, што трэба кіравацца фальклёрам – вялікім моўным багацьцем.

Пытаньне фальклёру і дыялектаў закрануў выступоўца госць Іван Якаўлевіч Яшкін, дыялектоляг, стваральнік дыялектычнага атласу. Ягоны высновы тычыліся непажаданасьці многазначнасьці, гэта ён выступіў супраць словаў з коранем “благ/блаж”, а таксама з народныя назвы царкоўных сьвятаў – “Божае Нараджэньне” ці “Каляды”, а не “Ражджаство”. Яму ж таксама належыла прапанова ўводзіць глосы, г.зн. пісаць беларускае слова, а ў дужках адпаведнае царкоўнаславянскае.

Задаваліся пытаньні пра доступ да перакладаў у інтэрнэце, пра функцыі беларускага пераладу Сьвятога Пісаньня. На гэтае пытаньне праф.Чарота адказаў т.ч., што кожны перакладчык ставіць сабе пэўныя мэты, напрыклад, для Сёмухі мэтай было стварыць проста чытэльны тэкст, Станкевічаў пераклад непрыдатны для богаслужбовага выкарыстаньня. Перад Біблейнай камісіяй жа была пастаўленая акрэсьленая задача – стварыць пераклад для богаслужбовага ўжытку. На думку сп.Чароты такая функцыя можа стаць унівэрсальнай і ўключыць у сябе місіянерскую і асьветніцкую. Для нецакроўных жа перакладчыкаў часта перавалодваюць мэты культурніцкія і “чыста філялягічныя”.

На прэзэнтацыі таксама выступіла мовазнаўца Марына Сідаровіч, якая брала чынны ўдзел у працы камісіі па стварэньні слоўніка царкоўных тэрмінаў. Аднак урэшце яна адмовілася ад супрацоўніцтва з камісіяй і аўтарства слоўніка з-за нязгоды з камісіяй паводле шэрагу пытаньняў. Яна яшчэ раз вярнулася да лексічных, марфалагічных і граматычных хібнасьцяў (зьвязаных з царкоўнаславянскім уплывам) перакладаў камісіі. На яе заўвагі прот.Сергій Гардун сказаў, што царкоўнаславянская спадчына зьяўляецца вельмі істотнай, таму адмаўляцца ад уплываў богаслужбовай цягам стагодзьдзяў мовы беларускай праваслаўнай царквы нельга.








Наталька-маскалька

Страны: