Пасланне Усясветнага Патрыярха Варфаламея на Вялікдзень

Варфаламей

З ласкі Божай Архіепіскап Канстанцінопаля - Новага Рыму і Усясветны Патрыярх
Усёй супольнасці Царквы
Ласка, мір і міласць ад Хрыста, уваскрэслага ў славе

Любыя ў Госпадзе браты й сёстры,

Ад усяго сэрца вітаем Вас з Усясветнага Патрыярхату радасным воклічам: “Хрыстос уваскрос!” Уваскрасенне Хрыстова - гэта стрыжань праваслаўнай веры. Без Уваскрасення наша вера “марная” (1 Кар. 15, 14). Праз Сваё Уваскрасенне Бог Слова зрабіў нятленным і абожыў чалавека, створанага на вобраз Божы, але параненага і азмрочанага грахом, вяртаючы яму наноў здольнасць дасягнуць і падабенства Божага, страчанага ў выніку непаслухмянасці.

Што ж, аднак, значыць свята Пасхі, перамогі жыцця над смерцю, у свеце, дзе пануюць гвалт і войны, асабліва якія адбываюцца ў імя рэлігіі і Бога?

Многія мудрацы спрабавалі вырашыць праблему смерці ды пераадолець яе праз розныя тэорыі. Мы, праваслаўныя хрысціяне, святкуем уваскрасенне Хрыста з мёртвых і з адвагай абвяшчаем скасаванне смерці. Мы ведаем, што Падацель жыцця - гэта Слова Божае, у Якім “было жыццё” (Ян. 1, 4). У нас ёсць радасны досвед Царквы, што Уваскрасеннем Хрыстовым смерць пераможана. “Усё напоўнілася радасцю, пакаштаваўшы ўваскрасення”. Гэтай верай прасякнуты ўсе праявы царкоўнага жыцця, найбольш жа засяроджана яна ў Боскай Еўхарыстыі. У хрысціянскім свеце менавіта Праваслаўная Царква захоўвае Боскую Еўхарыстыю сарцавінай свайго жыцця і духоўнасці, і гэта непарыўна звязана з тым, што Уваскрасенне - гэта стрыжань нашай веры, богаслужэння і царкоўнасці. Менавіта таму еўхарыстычная літургія заўжды святочная і радасная, і звязана, перш за ўсё, з днём Госпада - днём Уваскрасення.

Найбольш узрушальная выява, якая выдатна тлумачыць Уваскрасенне і яго сілу аднаўлення, - гэта ікона сыходжання Госпада нашага Ісуса Хрыста ў пекла, у манастыры Хора ў Канстанцінопалі. Госпад славы сыходзіць аж да глыбіняў пекла і, разбурыўшы пякельныя брамы, узыходзіць з перамогай, увакрашаючы с Сабой Адама і Еву, гэта значыць - увесь род чалавечы ад пачатку стварэння свету да яго канца. “Усё цяпер напоўнілася святлом - і неба, і зямля, і апраметная”. Усё стварэнне пераходзіць ад змрочнага валадарства смерці - у незаходзячае святло Царства Божага. Кожны вернік, як удзельнік Уваскрасення, закліканы абвяшчаць Дабравесце свабоды ў Хрысце “аж да канцоў зямлі” (Дзеі 1, 8).

Маці Царква, адначасова перажываючы і таемства крыжа, і таемства ўваскрасення, сёння заклікае нас: “прыйдзіце з запаленымі свечкамі”, “адсвяткуйма жа Пасху Божую збаўчую”.

Бо праз уваскрасенне Збаўцы ўсё чалавецтва стала адным народам, з’яднаным у адзінае цела. Сваім Крыжам і Уваскрасеннем Хрыстос канчаткова знішчыў усякую варажнечу. Дык вось, Праваслаўная Царква, Адзіная, Святая, Саборная і Апостальская - гэта Царква ўсеагульнага прымірэння, Царква ўсеагульнай любові: і да сяброў, і да ворагаў. Прыміраныя, напоўненыя новым жыццём, жыццём ісціным, мы ўсе становімся суграмадзянамі святым і насельнікамі дому Божага (пар. Эф. 2, 15).

На жаль, у наш час працягваюцца тэрарызм, войны і забойствы людзей. Плач і галашэнні ахвяраў разносяцца па ўсім свеце, асабліва дзякуючы сучасным тэхналогіям. Яны напаўняюць наваколле болем, і болем адгукаюцца ў нашых сэрцах. Таму, на палітычных, духоўных і царкоўных лідарах чалавецтва ляжыць адказнасць і абавязак любові - зрабіць усё магчымае для прадухілення такіх разбуральных падзеяў.

У сучасным “свеце абсурду” мы, праваслаўныя хрысціяне, закліканы несці добрае сведчанне любові і ахвярнасці да іншага чалавека.

Для нас, праваслаўных вернікаў, Пасха - гэта не часовы сыход ад жорсткай рэчаіснасці зла ў свеце, а няўхільнае перакананне, што Хрыстос, Які смерцю смерць зваяваў і ўваскрос з мёртвых, - з намі “ва ўсе дні да сканчэння веку” (Мц. 28, 20).

Любыя браты і сёстры, такое сёлетняе велікоднае пасланне Свяцейшага Апостальскага і Патрыяршага Усясветнага трону, святарнага цэнтру Праваслаўя, да ўсіх людзей: уваскрос Хрыстос і скасавана дзяржава смерці, дзяржава ўлады моцнага над слабым, і толькі “жыццё царуе”, і клапатлівая любоў, і бездань міласэрнасці, і невычарпальная ласка Уваскрэслага Хрыста, якая ахінае ўвесь сусвет ад канца да краю. Досыць нам, людзям, разумення, што Ісус Хрыстос - святло ісцінае, што з Ім было жыццё, і жыццё было святлом для людзей (гл. Ян. 1, 3-4). І з гэтым пасланнем мы звяртаемся да ўсіх палітычных і духоўных лідараў гэтага свету.

Дык прыйдзіце ж, прыміце святло ад незаходзячага святла Фанару, якое, падобна святлу Хрыстоваму - святлу любові, свеціць усім, і ў ім “няма ніякай цемры” (1 Ян. 1, 5)! Паслухаем жа, браты і сёстры, вернікі праваслаўныя, гэтае дабравесце радасці і любові, і загоім сваёй любоўю і ахвярнасцю балючыя раны сучаснага чалавецтва!

Няхай будзе слава Падацелю жыцця, Які з’явіў свету і кожнаму чалавеку асабіста святло, любоў і мір! Слава, Табе, Цару славы, Ісусе Хрысце, слава Табе, Пераможца смерці й Пачатак жыцця!

Фанар, Святая Пасха 2016
+Варфаламей Канстанцінопальскі
Ваш гарачы хадайнік перад Богам

Конфессии: 
Рубрыка: