Пасланне да Ражджаства Хрыстовага мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага ПАЎЛА

Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі,

архіпастырам, пастырам, дыяканам, манахам

і ўсім верным дзецям Беларускай Праваслаўнай Царквы

 

Узлюбленыя ў Госпадзе архіпастыры,

пачэсныя прасвітары і дыяканы,

богалюбівыя інакі і інакіні,

дарагія браты і сёстры!

 

Сардэчна віншую ўсіх вас са светлазарным і светаспасіцельным святам Ражджаства Хрыстовага!

«Слова стала плоццю, гэта значыць Сын Божы, роўнабеспачатны Богу Айцу і Духу Святому, зрабіўся чалавекам, уцялесніўшыся ад Духа Святога і Марыі Дзевы. <…> Беспачатныпрыняў пачатак па чалавецтву; бесцялесныстаў носьбітам плоці; Бог — чалавекам, не перастаючы быць Богам; непрыступны, ад Якога трымцяць Серафімы і Херувімы, твары закрываючы, — стаў для ўсіх даступным!» — так разважае над сэнсам Ражджаства Госпада нашага Іісуса Хрыста святы праведны Іаан Кранштацкі.

Сын Божы прыйшоў на зямлю згодна з усеблагой воляй Бога Айца, Які бясконца любіць створанае Ім чалавецтва. Так узлюбіў Бог свет, што Сына Свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто веруе ў Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае (Ін. 3: 16). А таму Ражджаство Хрыстовагэта зусім асаблівае свята.

Паводле слова свяціцеля Льва Вялікага, «ніхто не адлучаны ад удзелу  ў гэтым святкаванні, бо падстава для радасці агульная для ўсіх. Гасподзь наш, Пераможца граху і смерці, не знайшоўшы ніводнага бязгрэшнага чалавека, прыйшоў, каб усіх зрабіць свабоднымі». Свабода ад зла, граху і путаў самой смерцівось той бясцэнны дар, які прынёс усім нам Спасіцель, народжаны пад зводамі Віфлеемскай пячоры.

Слава ў вышніх Богу і на зямлі мір, у людзях добрая воля! (Лк. 2: 14) — такімі словамі ўславілі Ангелы нараджэнне Богадзіцяці. Звыш дзвюх тысяч гадоў хрысціяне з заміраннем слухаюць гэтае дзівоснае дабравесце пра БогаУсяміласцівага Падаўца міру, невычэрпную Крыніцу мірнага ладу чалавечага быцця. Але вельмі важна для ўсіх нас, тых, хто верыць у Хрыста Спасіцеля, не толькі ўскладаць свае надзеі на Госпада і спадзявацца на Яго Промысл, але і самім імкнуцца набыць мірны настрой духу, стаўшы для свайго найбліжэйшага акружэння блажэннымі міратворцамі, пра якіх кажа Сын Божы ў Нагорнай пропаведзі (Мф. 5: 9). Мы закліканы зрабіць нашы душы прыстанкам Богаўгоднай добрай волі і быць здольнымі рабіць добрыя справы.

Пастараемся захаваць на скрыжалях нашых сэрцаў нятленнае сведчанне Хрыстова: …быў галодны Я, і вы далі Мне есці; быў сасмяглы, і вы напаілі Мяне; быў падарожны, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; у цямніцы быў, і вы прыйшлі да Мяне. <…> Праўду кажу вам: тое, што зрабілі вы аднаму з братоў Маіх меншых, Мне зрабілі (Мф. 25: 35-36, 40). 

Наша хрысціянская місіярабіць дабро не ад выпадка да выпадка, але рэгулярна і пастаянна. У нашых сілах, з дапамогай Божай, рабіць добрыя справы кожны дзень.

Гасподзь заклікае ўсіх нас рабіць дабро па меры нашых магчымасцяў і памятаць, што ёсць такія добрыя справы, да якіх закліканы ўсе хрысціяне. Гэта шчырае прабачэнне прычыненых нам крыўд і малітва за нашых бліжніх, сардэчнае спачуванне да людзей, якія жывуць у нястачы, і малітоўнае ўздыханне да Бога аб тых, каму мы не можам дапамагчы фізічна.

Калі мы будзем праяўляць больш цярпення, чуласці, увагі, павагі адзін да аднаго, калі будзем прабачаць і маліцца адзін за аднаго, то свет, у якім мы жывем, стане лепей. Калі мы хацім змяніць і накіраваць грамадства да дабра, святасці і праўды, то нам належыць пачаць гэты працэс з саміх сябе, з праабражэння нашых душ святлом Евангельскіх запаведзяў. Толькі ў гэтым выпадку благадатныя дары Духа Святогалюбоў, радасць, мір, доўгацярплівасць, добрасць, міласэрнасць, вера, лагоднасць, устрыманасць (Гал. 5: 22-23) — могуць стаць пачаткам стварэння Царства Божага, якое, згодна са словам Хрыста Спасіцеля, унутры нас (Лк.17: 21).

Разважаючы сёння пра Богаўцялесненне Сына Божага і Спасіцеля свету, і пра пройдзены цяжкі і доўгі шлях персідскіх мудрацоў да Віфлеемскай пячоры, кожны з нас таксама закліканы прайсці свой няпросты шлях да Бога.

Няхай, падобна да Віфлеемскай зоркі, нас вядуць па жыццёваму шляху словы Госпада Бога і Спаса нашага Іісуса Хрыста: Па тым пазнаюць усе, што вы Мае вучні, калі любоў будзеце мець памíж сабою (Ін. 13:35).         Сардэчна жадаю ўсім вам, узлюбленыя ў Госпадзе Праасвяшчэнныя архіпастыры і пастыры, інакі і інакіні, дарагія браты і сёстры, каб прыклад набожных мудрацоў натхніў усіх нас на выкананне Хрыстовых запаведзяў, каб нам належным чынам далучыцца да ўсяленскага святкавання Ражджаства Хрыстовага, прынёсшы Богадзіцятку Хрысту свае сціплыя, але шчырыя дары справы дабра, любові і міласэрнасці.

«Хрыстос нараджаеццауслаўляйце! Хрыстос з нябёсаўсустракайце! Хрыстос на зямліузносьцеся!» — абвяшчае ў гэтыя светлыя дні Святая Царква. Сустрэнем жа Госпада належнымі дарамі і прынясем Яму замест золата, ладану і смірны моцную веру, натхнёную надзею, дзейную любоў. Ушануем Богаўцялесненне саборнай малітвай, удзелам у богаслужэннях і святых Таінствах, непарушным адзінствам у Царкве Хрыстовай, якая ёсць стоўп і ўмацаванне ісціны (1 Цім. 3: 15).

         Узрадуемся і ўзвесялімся, бо з намі Бог!

 

З любоўю ў Хрысце Народжаным

 

+ ПАВЕЛ,

мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі,

Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі

 

Ражджаство Хрыстова

2019/2020 года,

горад Мінск

Конфессии: 
Страны: 
Рубрыка: